Глядзіце прамую трансляцыю фіналу нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2017"

20 января 2017

Сёння стане вядома, хто прадставіць Беларусь. Літаральна праз паўгадзіны тэлеканал "Беларусь 1", спадарожнікавы "Беларусь 24", а таксама сайт медыяхолдынга tvr.by пачнуць прамую трансляцыю фіналу нацыянальнага адбору. Арганізатарам праекта выступае Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў рэспубліцы прадстаўнік Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза. Сцэна, на якую паднімуцца фіналісты, усталяваная ў суседнім тэлепавільёне - студыі "600 метраў". Зараз там працуе здымачная група Агенцтва тэленавін. На прамую сувязь выходзіць Іна Пілевіч.

Упершыню ў гісторыі нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" гледачы змогуць убачыць перажыванні, хваляванні, слёзы радасці фіналістаў праекта. Тут, ля ўваходу ў тэлевізійны павільён, размясціўся так званы Green Room або зялёны пакой. На гэтых канапках ля тэлеэкрана артысты будуць сачыць за шоу. А мы за імі. Прамыя ўключэнні з асноўнай студыяй праз кожныя тры песні. Таксама менавіта ў Green Room будзе дадзены старт галасаванню.

У гэтым сезоне за пуцёўку на "Еўрабачанне-2017" змагаюцца 13 прэтэндэнтаў. Сярод іх як сольныя выканаўцы, так і калектывы. У фінале зоркі шоу "Х-фактар", "Голас", удзельнікі нацыянальных адбораў мінулых сезонаў, вулічны артыст і маладыя выканаўцы. Самай малодшай прэтэндэнтцы на музычную камандзіроўку ў Кіеў усяго 16. Самаму старэйшаму 44. У кожнага з прэтэндэнтаў сваё бачанне ідэальнага нумара для "Еўрабачання". Гэтым вечарам гледачоў будуць уражваць трукамі з пераапрананнямі, гіганцкім барабанам, клеткай і вялікай ледзяной глыбай. Практычна двое сутак у рэжыме нон-стоп фіналісты праганялі свае нумары пад прыцэлам тэлекамер. Апошнія рэпетыцыі завяршыліся літаральна гадзіну таму.

А вось з гэтага пункта артысты і прапануюць свае кампазіцыі на суд гледачоў. Зараз я знаходжуся на сцэне, усталяванай у студыі "600 метраў" Белтэлерадыёкампаніі. Спецыяльна для гала-канцэрта тут задзейнічана сучаснае тэлевізійнае абсталяванне - святлодыёдныя падлогі, люстры і, бадай, галоўнае ўпрыгажэнне трансляцыі - экран з высокай якасцю адлюстравання памерам 200 квадратных метраў.

Фіналістам была дадзена магчымасць самастойна падабраць графіку для нумара. Перадаваць карцінку ў эфір будзе дзясятак камер - аператары працуюць са штатыва, крана, пляча і на рэйках. Зараз камеры, святло, гук гатовыя да эфіру. У гэтыя хвіліны фіналісты знаходзяцца ў грымёрках. Тэлепавільён паволі запаўняецца фанатамі.

А зараз да нас далучыўся старшыня журы нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2017" - заслужаны артыст БССР, саліст ансамбля "Беларускія пясняры" Валерый Дайнэка (відэа).

Мне застаецца нагадаць, па якім прынцыпе будзе вызначаны пераможца праекта. У гэтым сезоне выбіраюць гледачы і журы. Іх галасы палічаць у працэнтных суадносінах 50 на 50. Уладальніка найбольшай колькасці балаў ужо чакае статуэтка – хрустальнае еўравізійнае сэрца і магчымасць праспяваць свой хіт на біс у фінале гала-канцэрта. І, вядома ж, пераможца адправіцца на Міжнародны конкурс "Еўрабачанне-2017", які ў маі прымае ўкраінская сталіца Кіеў.