Дзмітрыю Смольскаму - 80

25 июля 2017

Вялікія ўрачыстасці ён перанёс на кастрычнік, на сцэну філармоніі. А сённяшні, сам дзень юбілею, правядзе ў асяроддзі сям'і і "ўдалечыні ад шуму гарадскога". Дзмітрыю Смольскаму - 80! Народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, уладальнік мноства званняў і ўзнагарод, кампазітар і педагог Смольскі належыць да ліку тых нешматлікіх нашых сучаснікаў, з кім асацыюецца паняцце "высокі прафесіяналізм" і "нацыянальная культура". Чалавек-легенда ён ужо ў гісторыі музыкі, але працягвае дзеяць і жыць музычным асяроддзем. Творчая біяграфія, выпрабаванні лёсу і погляд у будучыню - напярэдадні з юбілярам сустрэлася Наталля Бардзілоўская. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з 80-годдзем народнага артыста Беларусі Дзмітрыя Смольскага.

«Настальгія» - новае з яго кампазітарскага стала. Сімфанічная прэм'ера – у кастрычніку. А пакуль аўтар 15 сімфоній (у тым ліку 13 і 9 для рок-гітары) Смольскі наракае: стаў пісаць менш, амаль не выкладае - здароўе. Сустракаць 80-годдзе – падарунак. Калісьці трохгадоваму «дзіцяці вайны» ўрачы паставілі дыягназ «парок сэрца» і напрарочылі жыць не больш як 20 гадоў. З-за хваробы прыйшлося нават пакінуць Маскоўскую кансерваторыю, у якую паступіў (заканчваў нашу, беларускую, па класе Багатырова). Юны Смольскі тады ж не разгубіўся: насуперак хваробе пайшоў у спорт і, не баючыся сапсаваць пальцы, заняткі музыкай спалучаў з боксам, барацьбой, мотаспортам.

Нагрузкі ў прафесіі не меншыя за спартыўныя. Сімфоніі, вакальна-інструментальная музыка, творы для хору і аркестра. Оперы. У сённяшнім рэпертуары Вялікага тэатра адзіная нацыянальная беларускамоўная – опера Смольскага.

«Сівая легенда» - твор Караткевіча - Дзмітрый Смольскі паклаў на музыку ў 70-ых, сцэнічная прэм'ера ў 1978-ым. У новай рэдакцыі опера прагучала ў 2012-ым, да 80-га юбілейнага тэатральнага сезона. Яшчэ ў 80-ым спектакль быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй, а сёлета Дзяржпрэмію за пастаноўку атрымаў калектыў Вялікага тэатра.

Рэкорд у запатрабаванні: "Сівая легенда" змяніла пяць складаў выканаўцаў. З вакалістамі Смольскі працуе асабіста – пастаянны ўдзельнік рэпетыцый і прэм'ер.

Яго бацька музыказнавец Браніслаў Сільвестравіч да 90 гадоў не прапускаў ніводнай філарманічнай прэм'еры. І ў сына звычка жыць у канцэртнай прасторы. Сочыць за вучнямі. Выхаваў за 70 кампазітараў.

Самыя ж блізкія яго вучні – сыны. Дзмітрый і Віктар. Абодва музыканты, але малодшы праславіў прозвішча: сусветная рок-зорка, прадзюсар, кампазітар і гітарыст мноства знакамітых гуртоў,пер-наперш гурта Rage. Асаблівы гонар бацькі!