Слуцку споўнілася 900 гадоў

3 октября 2016

Адзін з самых старажытных гарадоў краіны адзначыў юбілей. Слуцку споўнілася 900 гадоў. Да свята падрыхтаваліся грунтоўна. І справа не толькі ў вонкавым упрыгажэнні. Горад вярнуў свой брэнд. Аднавілася вытворчасць знакамітых слуцкіх паясоў. Для жыхароў горада і турыстаў ладзілі маштабную забаўную праграму: канцэрты, выставы і горад майстроў. Але найбольш гледачоў сабраў рыцарскі фестываль.

Сімвалічна, што ў Год культуры падарункам для горада стаў помнік Анастасіі Слуцкай. Наш карэспандэнт Аляксандр Харавец таксама наведаў свята.

Ад старажытных часоў да сучаснасці. Святочныя мерапрыемствы адкрылі грандыёзным парадам. Гістарычны экскурс пачала сапраўдная Анастасія Слуцкая, пасля наведвальнікі свята ўбачылі дасягненні роднага горада.

Слуцк - адзін з 30 беларускіх гарадоў, якія згадваюцца ў старажытных рукапісах. Вядомы яшчэ з пачатку XII стагоддзя, горад пасля атрымання Магдэбургскага права стаў значным гандлёвым і культурным цэнтрам, якім з'яўляецца і сёння. Сусветную вядомасць Слуцку прынесла мануфактура. Ткацкія вырабы з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак сталі брэндам Беларусі. І сёння традыцыі слуцкіх майстроў не забытыя.

Пасля гістарычнага экскурсу свята хлынула на плошчы, вуліцы і скверы горада. Майстэрства і шчодрасць слуцкай зямлі дэманстравалі на вясковых падворках. Побач разгарнуўся і горад майстроў, дзе кожны мог сабе выкаваць манету на шчасце.

А на слуцкім замчышчы рыцары разгарнулі свой лагер. Спаборніцтвы лучнікаў, віртуозныя выступленні рыцараў з булавамі, мячамі і бярвеннямі. Жыхары горада змаглі не толькі наяву убачыць гісторыю роднага краю, але і самі паўдзельнічалі ў сярэдневяковых традыцыях і танцах.

Якое ж свята без падарункаў. У гістарычным цэнтры Слуцка адкрылі бронзавы помнік Анастасіі Слуцкай - заступніцы аднаго з найстарэйшых гарадоў Беларусі.

Жыхары Слуцка ўпэўнены, нягледзячы на сур'ёзны юбілей, іх горад зусім малады. А новую старонку у яго жыцці напішуць будучыя пакаленні. Тым больш што зусім хутка тут адкрыюць і новы Дом шлюбаў.