Слуцкія паясы сталі тым самым брэндам, які ярка прадстаўляе Беларусь за мяжой

8 июня 2016

Яшчэ адной знакавай падзеяй адзначана гэтае палітычнае лета ў Беларусі. Краіна рыхтуецца да правядзення V Усебеларускага народнага сходу. Серыю рэпартажаў аб выніках пяцігодкі падрыхтавала і Агенцтва тэленавін. Сёння мы раскажам пра наш нацыянальны набытак, які быў адноўлены па гістарычных традыцыях і арыгінальных тэхналогіях. Слуцкія паясы сталі тым самым брэндам, які ярка і пазітыўна прадстаўляе Беларусь за мяжой. Задача, пастаўленая Прэзідэнтам на ІV народным вечы, выкананая. Пра разгадку кода слуцкіх паясоў Іна Пілевіч.

Натуральны шоўк, амаль 200 грамаў золата і да 60-ці грамаў срэбра. Гэтую копію слуцкага пояса канца XVIII стагоддзя Уладзімір Пракапцоў паказвае з гонарам. Некалі ўявіць сабе такі экзэмпляр у дзяржаўных фондах здавалася нерэальным - традыцыі ткацтва былі страчаныя. Сітуацыя змянілася шэсць гадоў таму. Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея асабіста прысутнічаў на ІV Усебеларускім сходзе, дзе Прэзідэнт Беларусі даў слова - культурна-гістарычнаму брэнду быць у сучаснай вытворчасці.

Код слуцкага пояса, напісаны на радзівілаўскай мануфактуры, разгадвалі спецыялісты Акадэміі навук і Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Для гэтага невялікія фрагменты арыгінала літаральна разбіралі па нітках. Зразумець старажытную тэхналогію ткацтва ўдалося дзякуючы спектральнаму аналізу. Аказалася, у слуцкім поясе можа быць да 32-х перапляценняў. Расшыфраваны і аўтарскі прыём легендарнага мастака Маджарскага - тэхналогія так званых літых паясоў.

Калі ў XVIII стагоддзі ткацтва - ручная работа, то сучасны станок поўнасцю аўтаматызаваны. Машына не мае аналагаў у свеце і вырабленая нямецкімі майстрамі па спецзаказе. Кіруецца двума камп'ютарамі. У склад уваходзіць 7 асноў, 1200 нітак, 6 чаўнакоў, што забяспечвае ўнікальныя магчымасці паўтору малюнка. Станок дакладна рэканструюе як каляровую гаму, так і памеры гістарычнай каштоўнасці.

Навукоўцамі распрацаваныя і зацверджаныя 13 копій рэальна існуючых слуцкіх паясоў. Нядаўна ў дзяржаўных фондах не было ніводнага аўтэнтычнага матэрыяльнага сведчання Рэнесансу на нашых землях. Набывалі за сотні тысяч долараў на замежных аўкцыёнах. На сёння саткана і рэалізавана 95 экзэмпляраў. Іх набываюць не толькі музеі, але і тыя, хто жадае здзівіць падарункам з нацыянальным каларытам. Дарэчы, кошт самага ювелірнага пояса - 70 мільёнаў беларускіх рублёў.

А ў гэтым памяшканні пад сігналізацыяй захоўваецца самая каштоўная частка слуцкага пояса - металічныя ніткі. Пазалочаныя. Іх таўшчыня 10 тэкс, што значыць 10 грамаў на 1 кіламетр. Можна параўнаць з памерам звычайнага воласа.

Прадпрыемства як турыстычны аб'ект. На першым паверсе фабрыкі арганізавалі адзіны ў свеце музей слуцкага пояса. Пасля экскурсіі можна набыць і сувенір. Апроч нацыянальнага брэнда прадпрыемства прапануе асартымент, стылізаваны пад слуцкі пояс.