Слуцкія паясы прэзентуюць у Нацыянальным мастацкім музеі

8 мая 2013

Яны з'яўляліся паказчыкам дабрабыту і ўзроўню дастатку ўладальніка. У Мінск творы мастацтва прыбылі са збораў горада Львова. У сталіцы нацыянальная рэліквія будзе выстаўляцца роўна год.


 


Расказвае Іна Пілевіч.


Браніраванае шкло, пад якім тэмпература 18 градусаў, а вільготнасць 55%. Па правілах экспанавання, гэтая музейная вітрына знаходзіцца пад узмоцненай аховай і абсталявана дадатковай сігналізацыяй. Тут выстаўляюцца шэдэўры ткацтва перыяду 18 - 19 стагоддзяў. Чатыры слуцкія паясы прыбылі ў Мінск са збору Львоўскага гістарычнага музея.       


Рэліквія ў сваім першародным выглядзе. Ніводны з гэтых паясоў ніколі не праходзіў рэстаўрацыю. З пышнай аблямоўкай і раслінным арнаментам яны захаваліся поўнасцю. Самы доўгі з іх -4 метры. Слуцкія паясы абкручвалі вакол таліі некалькі разоў у залежнасці ад габарытаў шляхціца. Дарэчы, апрануць гэты элемент мужчынскага касцюма самастойна было немагчыма.


В граде Слуцке – такая метка пацвярджае аўтэнтычнасць двух паясоў. Астатнія зроблены на манер нашай мануфактуры. Вытканыя па ўнікальнай тэхналогіі з шаўковых, срэбраных і залатых нітак. Не маюць правага і левага боку. На свята наверх выстаўляўся чырвоны бок, на жалобу – чорны. 


Слуцкія паясы дэманструюць сярод партрэтаў тых, для каго яны служылі модным аксесуарам. Радзівілы, Тышкевічы, Сапегі, Сагушкі. Больш за 6 соцень партрэтаў магнатаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай даставілі са збораў украінскіх музеяў.