Слуцкія паясы прэзентавалі ў Нацыянальным мастацкім музеі

8 мая 2013

Яны з'яўляліся паказчыкам дабрабыту і ўзроўню дастатку ўладальніка. У Мінск гэтыя  творы мастацтва прыбылі са  збораў горада Львова. У сталіцы нацыянальная рэліквія будзе выстаўляцца роўна год. Чаму экспанаты нельга дэманстраваць ва ўсю даўжыню - падрабязнасці ў Іны Пілевіч.


 


Чатыры  метры тканых уручную шаўковых, сярэбраных і залатых нітак. Але дэманстраваць усю іх раскошу ў вісячым стане забаронена. Выстаўляюцца толькі гарызантальна па прычыне крохкасці. Гэтыя слуцкія паясы дайшлі да нашага часу ў першародным выглядзе. Датуюцца канцом 18 - пачаткам 19 стагоддзя. Ніколі не праходзілі рэстаўрацыю і знаходзяцца ў добрым стане. 


Алена Карпенка, загадчыца аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі:  Мы паказваем самыя прыгожыя часткі паясоў. Гэта галовы, так званыя. З арнаментамі, працветшай пніны. Гэта спецыяльны такі тэрмін, характэрны для слуцкіх паясоў, ёсць яшчэ кітайскія воблачкі і іншыя варыянты, паказваем махры.


Стартавы кошт тканай рэліквіі на аўкцыёнах пачынаецца ад 80 тысяч долараў. Слуцкія паясы індывідуальныя, ніколі не паўтараюцца. Гэтыя чатыры аксэсуары мужчынскага касцюма даставілі ў Мінск з Львоўскага гістарычнага музея. На 2-х ёсць фірменная метка в граде Слуцке, што пацвярджае аўтэнтычнасць паясоў. Астатнія – сатканы на манер нашай мануфактуры. Наогул, у музейных фондах Украіны, якая знаходзілася з намі ў агульных межах Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, захоўваецца яшчэ дастаткова сведкаў агульнай гісторыі.


Тарас Рудзько, намеснік дырэктара Львоўскага гістарычнага музея (Украіна):  Калекцыя тканін, у тым ліку і слуцкіх паясоў, налічвае больш як  10 арыгінальных экспанатаў. Працаўнікі вашага музея адабралі лепшыя, тыя, якія не патрабавалі рукі рэстаўратара.


Уладзімір Пракапцоў, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: Гэтыя паясы каштавалі вельмі дорага. Чалавек іх элементарна не мог набыць. Таму што там было каля 100 грам золата ці срэбра. Яны ўяўлялі сабой атрыбут такой арыстакратыі.


Што ні партрэт - то шляхціч, абматаны слуцкім поясам. Насіць іх статусна. Гэта не толькі прымета дастатку, але і прыналежнасці да арыстакратыі. З Украіны, акрамя шэдэўраў тканых, дастаўлены яшчэ і маляўнічыя. Больш за 6 соцень палотнаў з запаснікаў музеяў Львова і Луцка. Можна паглядзець у вочы прадстаўнікам родаў Сапег,  Сангушак, Тышкевічаў, Радзівілаў. Апошнія, дарэчы, і наладзілі вытворчасць паясоў у Слуцку на манер персідскіх.


Таццяна Сабадаш, галоўны захавальнік музея-запаведніка Алескі замак (Украіна): Заўсёды калі пісалі парадны, гэта значыць рэпрэзентатыўны партрэт  - слуцкі пояс павінен быў дамінаваць. Гэта была адметная рыса  шляхты.


Між іншым, сваіх цэльных паясоў у фондах Нацмузея няма, калекцыя страчана ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Захаваліся толькі фрагменты. Па міжнароднай праграме, з 2006 года ў нас з розных краін рэгулярна экспануецца нацыянальная рэліквія. Тым больш, у нашай дзяржаве зараз працуе спецыяльная камісія па аднаўленні ўнікальнай тэхналогіі ткацтва.


Зараз Нацыянальны мастацкі музей вядзе перамовы з польскімі захавальнікамі слуцкіх паясоў. У планах – інтэрнацыянальная выстава шэдэўраў ткацтва, створаных у межах ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Перадаць на экспанаванне слуцкія паясы ўжо згодны музеі Расіі, Літвы і Украіны.