Лялькі для батлеечнага тэатра, паясы з каларытнымі ўзорамі, ільняныя ручнікі з вышыўкай. Слуцкія народныя ўмельцы рыхтуюць новыя калекцыі, у прыватнасці, да Дня работнікаў аграпрамысловага комплексу і зімовых свят.
Аўтэнтычныя тэхнікі перадаюць новаму пакаленню і адраджаюць рамяство продкаў. Так, сёлета ў вёсцы Квасынічы майстры аднавілі гурток па лозапляценні для дзяцей. А ў вёсцы Ленькі перадаюць веды сваякам. Майстар-клас узяла і Аляксандра Драгун.
Аздобленым саматканымі валошкамі, рамонкамі, хрызантэмамі, ружамі. Аўтарская вышыўка Вольгі Лешчанкі даўно стала візітнай карткай аграгарадка Ленькі, што ў Слуцкім раёне. Сам жа дом умелай майстрыхі нагадвае музей, дзе на кожным тэкстыльным прадмеце інтэр'ера прыкметны почырк гаспадыні.
Бялюткія сурвэткі з аб'ёмнымі бутонамі кветак, навалачкі з багатымі гронкамі ягад, ільняныя ручнікі з радкамі ўласных вершаў - за пяльцамі Вольга Лешчанка развіваецца ўсебакова. Ад натхнення вясковымі краявідамі нараджаюцца не толькі новыя сюжэты для вышыўкі, але і паэтычныя творы і мелодыі.
Кожны візіт да бабулі суправаджаецца майстар-класамі па рукадзеллі. Дарэчы, залатыя рукі і ў сясцёр Вольгі Лешчанкі. Яе калекцыю вышыўкі дапаўняюць даматканыя ручнікі сваякоў.
У творчым куфры народнай умеліцы - 140 работ, аздобленых вышыўкай гладдзю. Яшчэ столькі ж яна падарыла на святах гасцям вёскі і раёна.
Хоць галоўныя ўрачыстасці ў гонар дзевяцісотгоддзя Слуцка прайшлі, народныя ўмельцы працягваюць працаваць над новымі праектамі і рэалізоўваць творчыя ідэі. У прыватнасці, у Цэнтры рамёстваў рыхтуюць новую калекцыю лялек для батлеечнага тэатра. Адначасова перадаюць веды маладому пакаленню. Для дзяцей адкрылі 10 гурткоў па розных накірунках.
Папаўняюць культурны здабытак раёна ў цэнтры 70 дзяцей. Яны наведваюць дадатковыя заняткі і майстар-класы пасля школы. У вольны ж час народныя ўмельцы ўдасканальваюцца самі, асвойваюць новыя тэхнікі.
Сёлета ў Цэнтры рамёстваў для дзяцей адрадзілі гурток па лозапляценні, каб ніводная аўтэнтычная тэхніка продкаў не забылася.













