Слуцк сёлета адзначае дзевяцісотгоддзе

23 февраля 2016

Тут жывуць нашчадкі стваральнікаў тэхнікі ткацтва паясоў, пераемнікі славутых гістарычных асоб і багатай культурнай спадчыны. Сёлета адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі - Слуцк - адзначае дзевяцісотгоддзе. Сімвалічна, што юбілей супаў з Годам культуры. Пачалі святкаванне цыклам «Слуцку прысвячаецца». У праграме - рыцарскія турніры, танцавальныя фестывалі, пленэры, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі. Пра планы на юбілейны год - матэрыял Аляксандры Драгун.

Маляўнічыя пейзажы, гарадскія скульптуры і архітэктурныя помнікі слуцкай зямлі… Краявіды і культурная спадчына малой радзімы натхняюць Алесю Мартыновіч на творчасць. Малюе не для ўласнага партфоліа: мастацкія работы Алесі ўпрыгожаць Слуцк да Дня горада.

Парк ля галоўнай канцэртнай пляцоўкі Слуцка прываблівае мастакоў і вулічных артыстаў. На сцэне Дома культуры за год праходзіць амаль шэсцьсот тэатралізаваных пастановак, вечароў харавой музыкі і танцавальных фестываляў.

За кулісамі - больш за 3 000 убораў для трох дзясяткаў калектываў, што працуюць у Доме культуры. Безумоўна, без іх не абыдзецца галоўнае гарадское свята.

Юбілейны год пачалі святочным цыклам «Слуцку прысвячаецца». У праграме - спектаклі, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, выставы. Зараз у галерэі экспануюць палотны славутых выхадцаў слуцкай зямлі. Больш за 30 аўтараў, карціны якіх знаходзяцца ў музеях па ўсёй краіне.

Для моладзі падрыхтавалі аддзяленне з танцавальным марафонам, рыцарскім паядынкам, а таксама спартыўным турнірам па міні-футболе. У праграме і сямейныя святы. Напрыклад, спаборніцтва на самую крэатыўную дзіцячую каляску.

Аматары фотапершынства на працягу года штомесяц дасылаюць здымкі, прысвечаныя пэўнай тэме. Напрыклад, у снежні прымалі фатаграфіі гарадскіх пейзажаў, у лютым - патрыятычныя здымкі.

Магчыма, да юбілею Слуцка ў гістарычнай частцы горада ўсталююць бронзавую скульптуру Анастасіі Слуцкай.

А пакуль народныя ўмельцы працуюць над сувенірамі для гасцей і замежных дэлегацый. На ручніках і паясах слуцкімі ўзорамі пераплятаюць дату заснавання аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі - сваёй малой радзімы.