Слонім сустракае гасцей Дня беларускага пісьменства

31 Жніўня 2019

Слонім сёння сустракае тысячы гасцей з усіх куткоў Беларусі. Тут пачынаюцца мерапрыемствы да Дня беларускага пісьменства. На два дні  ўсе цэнтральныя вуліцы горада ператворацца ў яркую сцэнічную пляцоўку. Прывітанне ўдзельнікам і гасцям свята накіраваў беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка.

Што зараз адбываецца на вуліцах горада, распавядзе наш карэспандэнт Вольга Мядзведзь

Нягледзячы на тое, што асноўныя святочныя мерапрыемствы чакаюцца ў Слоніме заўтра, ужо сёння з галоўнай сцэны гулянняў гучыць музыка, можна паглядзець тэатралізаваную дзею, бо на пляцоўцы рэпетыцыя цырымоніі адкрыцця. Зразумела, у горадзе ўжо працуюць амаль усе асноўныя лакацыі свята: разнастайныя выставы, сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі кніг. У першы дзень акцэнт на фестывалі кнігі і прэсы.

Пакуль больш за ўсё ўвагі прыцягвае друкарскі двор. На экспазіцыі прадэманстравана дзеючая друкарская тэхніка XIX стагоддзя. У якасці інтэрактыўнай зоны наведвальнікам прапануюць ўласнаручна зрабіць ліст паперы па старадаўніх тэхналогіях і надрукаваць першую старонку Бібліі Францыска Скарыны на рэканструкцыі станка XVI стагоддзя, аналагічнага таму, на якім і працаваў беларускі асветнік. Спецыяльна да Дня пісьменства майстры стварылі яшчэ адзін, сапраўды эксклюзіўны экспанат. Сімвал Беларусі - зубр.

Уладзімір Ліхадзедаў, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Беларусі "За духоўнае адраджэнне": "Кожная  дэталь тут належыла нейкаму друкарскаму станку XIX- XX стст. Шэрсць  зроблена з друкарскага шрыфта XX стагоддзя. Сэрца - з друкарскага механізму, яно стылізавана пад скарынаўскія матывы - сонца, месяц. Імкнуліся, каб зубр сімвалізаваў вытокі беларускай і сусветнай пісьменнасці".

Нядаўна завяршыўся міжнародны круглы стол у Жыровіцкім Свята-Успенскім манастыры. У месцы духоўнай і культурнай спадчыны літаратары з 10 дзяржаў свету, ад Італіі праз краіны СНД да нават Кітая і Індыі, абмяркоўвалі сучасныя праблемы друкаванай кнігі, напрыклад, як захаваць мастацкае слова і цікавасць  да выданняў на паперы ў часы лічбавізацыі.

Праз некалькі гадзін у Слонім прыбудзе асветніцкая экспедыцыя "Дарога да святыняў". Пасля хрэснага хода адбудзецца адкрыццё капліцы ў гонар святых Пятра і Фяўронні. Нагадаю  і пра святочную эфірную сетку нашых калег з "Беларусь 3". Заўтра ў 12:00 будзе прамая трансляцыя ўрачыстай цырымоніі адкрыцця.