Слонім гэтымі выхаднымі стане літаратурнай сталіцай Беларусі

26 августа 2019
31 жніўня і 1 верасня тут пройдзе свята беларускага пісьменства. Горад рыхтуецца да сустрэчы гасцей, завяршаецца і добраўпарадкаванне вуліц, плошчаў і дамоў. Новыя канцэртныя праграмы рэпеціруюць артысты, а літаратары падрыхтавалі шматлікія тэматычныя мерапрыемствы. У перадсвяточным горадзе  пабываў Юрый Карняловіч.

У слонімскай паэтэсы Ірыны Войткі дзясяткі вершаў, прысвечаных роднаму гораду. Увогуле праслаўляць прыгажосць сваёй малой Радзімы -  гэта адметная рыса мясцовага літаратурнага аб’яднання. Апошні час аўтары працуюць  з яшчэ большым натхненнем і адказнасцю. Таму што іх любы горад сёлета прымае эстафету свята беларускага пісьменства.

Улічваючы слаўныя літаратурныя традыцыі, у Слоніме свята пісьменства плануюць адзначыць з асаблівым размахам. На працягу двух дзён тут будуць працаваць дзясяткі творчых пляцовак. Шматлікія навуковыя канферэнцыі і пленэры пройдуць з удзелам вядомых беларускіх і замежных літаратараў.

У рэжыме нон-стоп жыхароў і гасцей горада будуць знаёміць з беларускай культурай шматлікія творчыя калектывы рэгіёна. Народны ансамбль “Славяначка” да свята папоўніў свой рэпертуар новымі песнямі. А каб у гледачоў засталіся толькі добрыя ўражанні, рэпетыцыі кожны дзень. 

Змяняецца і сам горад. Прыводзяцца ў парадак плошчы, вуліцы і дамы. Над абноўленым вобразам Слоніма сёння працуюць сотні будаўнікоў. Арганізатары свята падрыхтавалі для яго ўдзельнікаў шмат сюрпрызаў. Праграма складзена так, каб цікава было і дарослым, і дзецям.

Яшчэ адным доўгачаканым падарункам да Дня беларускага пісьменства стаў помнік Льву Сапегу - выдатнаму дзеячу Вялікага княства Літоўскага. Менавіта пры ім Слонім атрымаў Магдэбургскае права. 31 жніўня Слонім прыме сваіх першых удзельнікаў свята. Дарэчы, усяго тут чакаюць каля 50 тысяч гасцей з усёй Беларусі.