Слонім акунуўся ў святочную атмасферу. Сёння акцэнт на фестывалі кнігі і прэсы

31 августа 2019

Урачыстая цырымонія адкрыцця свята адбудзецца заўтра апоўдні. Яна носіць назву  "Зямля мая беларуская". Слонім тым часам ужо акунуўся ў святочную атмасферу.

Зараз на прамой сувязі са студыяй наша здымачная група і Вольга Мядзведзь. Разам з ёй мы хочам пагартаць праграму мерапрыемстваў. 

Нягледзячы на тое, што афіцыйна Дзень беларускага пісьменства адзначаецца ў першую нядзелю верасня, г.з. заўтра, сёння з раніцы працуюць амаль усе асноўныя пляцоўкі свята. Зразумела, на дадзены момант галоўны акцэнт пакуль на фестывалі кнігі і прэсы. 

Лепшыя выданні мастацкай і вучэбнай літаратуры, томікі для дзяцей і моладзі, кнігі - пераможцы нацыянальнага і міжнароднага конкурсаў "Мастацтва кнігі". Шатры з працамі пісьменнікаў, гісторыкаў і журналістаў размясціліся на галоўнай плошчы горада. У гэтым сезоне тэма для экспанавання не адна. Усе выданні аб'ядноўвае любоў да малой радзімы і памяць пра страшныя ваенныя часы і радасць вызвалення ад захопнікаў, што адбылося 75 гадоў таму. На працягу двух дзён менавіта тут пройдуць прэзентацыі новых кніг, сустрэчы з кумірамі літаратурнага слова і аўтограф-сесіі.

Знамянальнай ў жыцці горада і першай падзеяй Дня беларускага пісьменства стала адкрыццё кнігарні на галоўнай плошчы Слоніма. Некаторы час крама "Санет" працавала ў тэставым рэжыме і ўжо карысталася попытам сярод гараджан, асабліва напярэдадні новага навучальнага года. 

На ўрачыстую цырымонію адкрыцця з сімвалічным пераразаннем чырвонай стужкі прыбыў і міністр інфармацыі Беларусі.

Дарэчы, мерапрыемствы праходзяць не толькі ў горадзе. У гэтыя хвіліны літаральна за 15 кіламетраў ад Слоніма ў жамчужыне беларускага духоўнага жыцця Жыровічах, а больш дакладна, у  Свята-Успенскім манастыры праходзіць міжнародны круглы стол "Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго" з удзелам беларускіх і замежных аўтараў з 10 краін.

Хацелася б адзначыць, што да свята далучаецца і Белтэлерадыёкампанія. Сацыякультурны тэлеканал холдынга "Беларусь 3" раскажа пра кнігі ў гістарычным і сучасным кантэксце з "Навукаманіяй" сёння а палове на трэцюю, а ў вячэрнім эфіры ў 20:00 гледачоў чакае пісьменнік Навум Гальпяровіч. У праекце "Суразмоўцы" ён пагутарыць з міністрам інфармацыі Беларусі менавіта пра Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме.