"Славянскі базар у Віцебску" чарговы раз пакажа найбуйнейшы медыяхолдынг краіны

7 апреля 2015

"Славянскі базар у Віцебску", які сёлета пройдзе з 7 па 15 ліпеня, гледачы  чарговы раз убачаць дзякуючы найбуйнейшаму медыяхолдынгу краіны. Сёння ў Мінску прадстаўнікі дырэкцыі форуму і Белтэлерадыёкампаніі (галоўнага інфармацыйнага спонсара) абмеркавалі асноўныя арганізацыйныя пытанні. Гэта і сумесная праца, і рэклама, і трансляцыя галоўных падзей форуму. Гаварылі і пра стварэнне тэлепраектаў, якія б практычна кругласутачна трымалі гледача ў курсе падзей фестывальнага жыцця.

Аляксандр Сідарэнка, дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску": "Нязменнай застаецца цікавасць шматлікіх краін свету па ўдзеле ў фестывалі, цікавасць з боку прэсы. Шматлікія задаюць пытанні: як можна паўдзельнічаць, як можна атрымаць нейкія тэле- і відэаматэрыялы. У нас шмат перспектыўных кірункаў, пытанняў, развіваюцца сучасныя тэхналогіі. Мы летась новы фестывальны сайт запусцілі ў працу, перайшлі на электронную форму продажу білетаў. У сувязі з гэтым з'яўляецца ўсё больш і больш новых магчымасцяў, новых варыянтаў, якія трэба абмяркоўваць."

 

Сёлета "Славянскі базар" праходзіць  24-ы раз і рыхтуе нямала сюрпрызаў. Упершыню ў яго рамках пройдзе фестываль вулічных тэатраў. А ў дзень адкрыцця "Славянскага базару" ў Віцебску стартуе сесія сусветных фестывальных асацыяцый, якая аб'яднае прадстаўнікоў найбуйнейшых форумаў свету.