"Славянскі базар" у Віцебску стартуе 14 ліпеня

19 февраля 2016

XXV, юбілейны Міжнародны фестываль "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 14 па 18 ліпеня.

Дакладную дату сёння назваў журналістам дырэктар фестывалю Аляксандр Сідарэнка. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваныя на 12-га, 13-га, 19-га і 20-га ліпеня.

На галоўнай пляцоўцы пройдзе сямнаццаць канцэртаў і начных шоу. З сольнымі праграмамі ў Віцебск прыедуць Сяргей Лазараў, Хрысціна Арбакайтэ, Валерый Лявонцьеў, "Хор Турэцкага", Дзіяна Арбеніна і гурт "Начныя снайперы". Запланаваны бенефіс Максіма Галкіна. Спецыяльнай госцяй стане Ала Пугачова. Усяго за час форуму на фестывальных пляцоўках пройдзе каля ста мерапрыемстваў. Асноўнымі падзеямі па традыцыі стануць дзіцячы і дарослы вакальныя конкурсы.

Аляксандр Сідарэнка, дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску": "Мы імкнемся падвесці пэўную рысу пад фестывальнай дзейнасцю за 24 гады. У нас удзельнікаў будзе не менш, а хутчэй за ўсё і больш сёлета. Пэўнай фішкай стане пашырэнне геаграфіі краін - удзельнікаў міжнародных конкурсаў. Ужо на гэтым раннім этапе праглядаецца тое, што ў нас будуць удзельнікі з тых краін, якія ніколі не былі прадстаўленыя на фестывалі".

Рэалізацыя білетаў на юбілейны фестываль пройдзе ў некалькі этапаў. Першыя паступяць у продаж 26 лютага. Набыць іх можна будзе не толькі ў касах Віцебска, але і ў любым пункце свету праз Інтэрнэт. Другі этап запланаваны на канец сакавіка. У дырэкцыі фестывалю адзначаюць, што цэны на білеты застануцца на ўзроўні мінулага года.