Славянскі базар у Віцебску стартуе 11 ліпеня і прадоўжыцца 5 дзён

27 мая 2013

Сёння пачаліся афіцыйныя продажы білетаў на канцэрты Славянскага базара ў Віцебску. Яго гасцямі і ўдзельнікамі стануць прадстаўнікі 29 краін.


Рэпартаж Алены Панцюховай.

Ад 50 000 рублёў да мільёна прыйдзецца выкласці за магчымасць пабываць на фестывальных канцэртах. Як заўсёды, самыя дарагія білеты, але яны ж і самыя запатрабаваныя - на лепшыя месцы на цырымонію ўрачыстага адкрыцця міжнароднага фестывалю мастацтваў. Менавіта віп-білеты, як паказвае практыка, разлятаюцца ў першую чаргу.

Сёння пачаўся продаж білетаў на Славянскі базар і праз Інтэрнэт. Набыць іх можна ў 20 краінах свету, нават у такіх далёкіх, як Чылі, Кітай, Канада, ЗША, Індыя і Малайзія. Пакуль можна купіць білеты на канцэрты толькі ў Летнім амфітэатры. Дарэчы, іх запланавана 15. Акрамя традыцыйных адкрыцця і закрыцця, у фестывальнай праграме - сольныя канцэрты зорак эстрады, вечары для прыхільнікаў шансону і рок-музыкі і, вядома, два дні міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні.

Акрамя канцэртаў у Летнім амфітэатры, гасцей Славянскага базара чакаюць музычныя сустрэчы ў абласной філармоніі, выставы, цікавая тэатральная праграма. Білеты на гэтыя мерапрыемствы пачнуць прадаваць з 3 чэрвеня.