"Славянскі базар" пачаў фарміраваць спісы прэтэндэнтаў на ўдзел у міжнародных конкурсах "Віцебск-2020"

2 декабря 2019
Марафон рэгіянальных адборачных тураў стартаваў у Мінску. Першымі на сцэну канцэртнай залы "Верхні горад" выйшлі дзеці. 22 выканаўцы - сярод іх толькі двое хлопцаў - выконвалі без перадышкі два трэкі: песню на беларускай мове і другую на выбар. У асноўным гэта сусветныя хіты на англійскай мове. Вялікі працэнт прэтэндэнтаў - выхаванцы сталічных прадзюсарскіх цэнтраў і вакальных студый. Пяцёрку, што прайшла ў другі тур, аб’явілі праз дзве гадзіны праслухоўвання і сумеснага майстар-класа. 

Услед за дзіцячым адборам прайшло і праслухоўванне вакалістаў ад 18 да 31 года. Сярод 19 заявак  удзельнікі тэлевізійнага праекта "Голас", нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" і лаўрэаты вядучых рэспубліканскіх конкурсаў. Члены журы - а гэта заслужаныя артысты Беларусі, выкладчыкі творчых ВНУ - усяго вызначылі імёны дзесяці вакалістаў для ўдзелу ў другім этапе - відэапраслухоўванні экспертнай групай. З усёй краіны да гэтага этапу пройдзе не больш за 7 дзясяткаў выканаўцаў. 5 снежня адборачны марафон прыме Гомель.