"Славянскі базар" праз некалькі хвілін пачне цырымонію закрыцця

13 июля 2015

У Летнім амфітэатры музычнага Віцебска праз некалькі хвілін загучаць фінальныя фанфары. Апошнюю падрыхтоўку назірае і наш карэспандэнт Іна Пілевіч. Яна раскажа, хто гэтым вечарам выйдзе на сцэну "Славянскага базару".

У гэтыя хвіліны да выхаду на сцэну Летняга амфітэатра рыхтуюцца Валерыя, Алена Ваенга, Дзмітрый Малікаў, Сяргей Лазараў і яшчэ дзясяткі вядомых артыстаў. Публіка ўжо заняла свае месцы ў зале. Гледачы чакаюць не толькі сустрэчы з любімымі артыстамі, але і развязкі інтрыгі. Гэтым вечарам будзе названы ўладальнік Гран-пры Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2015". Галоўны прыз - запаветная ліра і 20 тысяч долараў. Радасна, што беларуска Валерыя Грыбусава па выніках двух дзён вакальнага спаборніцтва займае адну з лідзіруючых пазіцый. А з хвіліны на хвіліну на цырымонію закрыцця прыбудзе і Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт Беларусі штогод прыязджае на форум мастацтваў і тым самым падкрэслівае значнасць "Славянскага базару" ў жыцці краіны.

Гледачы нашага канала змогуць ацаніць музычнае шоу ў рэжыме рэальнага часу. Літаральна праз некалькі хвілін Белтэлерадыёкампанія пачне прамую трансляцыю шоу.

І напрыканцы хочацца дадаць, што пасля цырымоніі закрыцця фестывалю сафіты Летняга амфітэатра не пагаснуць. У афішы заяўленыя шансон і рок-вечары. Фестываліць Віцебск будзе да серады.