Казачніца Наталля Ігнаценка вандруе па бібліятэках дзіцячых дамоў, школ і гімназій

6 января 2016

Дарэчы, да Раства ў сталіцы ладзіцца шмат мерапрыемстваў і для дзяцей. Беларуская пісьменніца Наталля Ігнаценка прыехала з Расіі з вялікай праграмай. Ужо тыдзень казачніца вандруе па бібліятэках дзіцячых дамоў, школ і гімназій, чытае дзецям і ілюструе свае аповеды. Пра тое, як праходзяць самыя незвычайныя калядныя паказы, у рэпартажы Юліі Грызунт.

Галоўная частка выступлення Наталлі Ігнаценкі - лялечныя домікі.

Толькі каб склеіць усе дэталі, ёй спатрэбілася больш за 2 тыдні. Нягледзячы на тое, што скрыначкі выглядаюць сапраўды святочна, некаторыя дробязі пісьменніца мяняе літаральна перад кожным выступленнем. Напрыклад, учора вечарам у першай частцы з'явіліся новыя персанажы.

Наталля Ігнаценка, пісьменніца: "У гэтых скрыначках жыве цалкам мая казка. Дзецям вельмі цікава, таму што яны мяне і чуюць, і бачаць. Паколькі ўзрост маіх чытачоў - гэта дзесьці ад 6 да 12 гадоў, для іх вельмі важная нагляднасць".

Сёння дзеці пачулі казку "Зімовае падарожжа 2 братоў". Гэта другі твор Наталлі Ігнаценкі. Усяго цяпер у калекцыі пісьменніцы 10 дзіцячых кніг, на тры з іх ужо гатовы паказ. У лютым казачніца паабяцала школьнікам выступіць з новым шоу. Дарэчы, самае цікавае адбываецца ўжо пасля чытання - віктарына для дзяцей.

Дзеці слухалі Наталлю з захапленнем. Пасля спектакля кожны атрымаў дзіцячую кнігу з аўтографам. Акрамя таго, малышам дазволілі дакрануцца да лялечнага доміка. Такія казкі пачулі ўжо сотні дзяцей са школ, гімназій, дзіцячых дамоў і бальніц Беларусі і Расіі. Шчыльны графік - ужо заўтра пісьменніцы трэба чытаць у Маладзечне і рыхтаваць новы паказ. Паводле слоў аўтара, яе галоўная задача - паказаць школьнікам, што сапраўды цікава можа быць і ў бібліятэцы.