Сімвал у кожным шыўку

9 марта 2016

У музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах на выставе "Жаночы свет" прадэманстравалі нацыянальны жаночы касцюм мінулых стагоддзяў. Экспанаты, якія ўласнаручна стваралі нашы продкі, захоўваліся ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Шматлікія рэчы выстаўляюцца ўпершыню.

Самабытнасць і гармонія традыцыйных беларускіх касцюмаў - у рэпартажы Алены Борматавай.

Андаракі, наміткі, гарсэткі: кожная з дэталяў нацыянальнага касцюма беларускіх жанчын – hand-made мінулых стагоддзяў. Уручную шылі не толькі спадніцы, само палатно і ніткі – справа жаночых рук.

На выставе жаночыя строі выключна Брэсцкага рэгіёна. Менавіта адтуль самыя шыкоўныя ў эстэтычным плане касцюмы. Ды і захаваліся строі Брэстчыны лепш за ўсё. З тысячы адзінак калекцыі самаробных тканін Нацыянальнага мастацкага музея – больш за палову рэчы гэтага рэгіёна. Калісьці іх вазілі на экспанаванне да заканадаўцаў моды – італьянцаў і французаў. На радзіме амаль што не выстаўлялі. Многія з прадэманстраваных самаробных экспанатаў выстаўляюцца ўпершыню. Перад паказам публіцы яны прайшлі невялікую рэстаўрацыю, іх ачысцілі ад хімічных рэчываў, якімі апрацоўваюць ад молі і вільгаці.

Жаночыя строі ў Беларусі, па сутнасці, былі пашпартам яе ўладальніцы. Узрост жанчыны вызначалі і па арнаменце на дэталях касцюма, і па спосабе завязвання галаўнога ўбора. А колькасць складак на хустцы часта адказвала на пытанне, колькі ў жанчыны ўнукаў.

Асноўнае адрозненне жаночых строяў Брэсцкага рэгіёна ад іншых абласцей Беларусі – даўжыня спадніцы. Брэсцкія дзяўчаты, паводле старажытных мерак, насілі кароткія. Строй даходзіў да сярэдзіны лыткі. Гэта было звязана з балоцістай мясцовасцю, каб не пашкодзіць спадніцу. Большасць экспанатаў – святочныя касцюмы.

Кожны строй адзіны і ўнікальны. У кожным свая сімволіка – малюнак вышыўкі. Кожны раён і нават вёска мела адмысловы арнамент. А сэнс закладвала сама жанчына, калі стварала строй. Белы колер сімвалізуе высокую маральную духоўнасць, чырвоны – сімвал жыцця і дабрабыту. Часта нашы продкі зберагалі народны саматканы касцюм на смерць. Гэта яшчэ адна з прычын іх невялікай колькасці сёння.