Шэдэўры радзімы Шэрлака Холмса на два месяцы ў Мінску

19 мая 2015

Узоры эпохі росквіту мастацтва Брытаніі прадэманстравалі ў Нацыянальным мастацкім музеі. Выставачны праект аб'яднаў творы адразу двух беларускіх фондаў і найбуйнейшага дзяржаўнага збору Злучанага Каралеўства. Панарама Лондана вачамі англійскіх майстроў XVIII стагоддзя ў рэпартажы Іны Пілевіч.

Эскізы гэтай сцэны "Оперы жабрака" мастак Уільям Хогарт зрабіў прама падчас спектакля. Паводле легенды, уражанні ад сенсацыі тэатральнага сезона 1728 года фіксаваў на сіняй паперы, каб не адцягваць увагу гледачоў, якія сядзелі побач. У заснавальніка брытанскай школы жывапісу атрымалася адразу некалькі варыянтаў. Адзін з іх сёння ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея. Праўда, на адбітку не менш каштоўнага гравёра Блэйка.

Святлана Пракоп'ева, куратар выставы "Сустрэча з Брытаніяй": "Хогарт, які быў свайго роду хранікёрам сучаснага жыцця, сябраваў са многімі тэатральнымі дзеячамі, акцёрамі, актрысамі, сцэнарыстамі. Вядома, ён не мог абысці такую падзею сваёй увагай".

Тры стагоддзі таму брытанскія гравёры выступалі паўнапраўнымі суаўтарамі мастакоў - падкрэслівалі вартасці арыгінала. Майстры развівалі тэхнікі і вынаходзілі новыя. XVIII стагоддзе прызнана залатым векам англійскай нетыражнай гравюры. Менавіта гэтай эпосе і належыць большасць твораў выставы "Сустрэча з Брытаніяй".

Тэмза ад Вестмінстэрскага да Лонданскага мастоў. Як выглядала брытанская сталіца ў XVII стагоддзі, дэталёва дэманструе "тапаграфічны" краявід. На дакуменце эпохі кожны будынак пранумараваны. І пад малюнкам можна прачытаць назву славутасці.

У фарміраванні экспазіцыі ўдзельнічалі адразу тры сховішчы мастацтва. Мастацкі і гістарычны музеі Беларусі перадалі экспанаты, набытыя яшчэ да вайны. Праўда, каштоўныя прадметы на некаторы час былі вывезеныя захопнікамі і вернутыя ўжо ў мірны час. А вось большасць жывапісных палотнаў належыць найбуйнейшаму дзяржаўнаму збору Злучанага Каралеўства.

Ніколь Сімас да Сілва, менеджар па арганізацыі выстаў Дзяржаўнай мастацкай калекцыі Вялікабрытаніі: "Дзяржаўная мастацкая калекцыя Вялікабрытаніі з'яўляецца адной з самых найстарэйшых у краіне. Яна была створаная ў 1898 годзе. Сёння творы захоўваюцца як у Злучаным Каралеўстве, так і за мяжой. Збор налічвае 14 тысяч прадметаў".

У XVII стагоддзі ў англічан і посуд як прадмет мастацтва. Герцагі, графы, бароны трапезнічалі з фаянсу - керамічных вырабаў, пакрытых палівай. На іх малявалі кветкавыя матывы, антычныя сюжэты. А вось на дэкаратыўны посуд пераносілі гравюры. Натхняліся рускімі гарадскімі краявідамі - на талерках Ісаакіеўскі сабор і тэатр у Пецярбургу.