Сярэбраны век ва ўжытку людзей

28 октября 2015

У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адкрылася выстава прадметаў дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва стылю мадэрн. Стылю, які праіснаваў усяго пару дзясяткаў гадоў. Аксесуары для дома, посуд, прыжыццёвыя рэпрадукцыі карцін мастакоў - усе экспанаты выставы з прыватных калекцый. З якіх кубкаў пілі каву арыстакраты пачатку мінулага стагоддзя, прадметы якой мануфактуры набывалі для ўпрыгажэння дамоў - даведвалася Алена Борматава.

Залатая кафля ў прамым і пераносным сэнсе. У пачатку XX стагоддзя для аздаблення жылля архітэктары і дызайнеры імкнуліся набываць прадукцыю мінскага завода. Менавіта яна ў 1909 на міжнароднай выставе ў Рыме атрымала залаты медаль. У топе аматараў інтэр'ераў так званага Сярэбранага веку – гэта канец XIX пачатак XX – значылася і кафля майстроў з Копыся.

Першыя творы Міхалапа – вядомага беларускага кераміста і першага дырэктара карціннай галерэі (так называўся Нацыянальны мастацкі музей) - датуюцца 12-14 гадамі XX стагоддзя. У той перыяд беларускі кераміст вучыцца ў вучылішчы барона Шцігліца ў Пецярбургу. Выстаўлены ў адной вітрыне з творамі Берлінскай каралеўскай мануфактуры. Кожная рэч – уласнасць прыватнай асобы.

Беларуская мастацкая традыцыя напачатку мінулага стагоддзя была непарыўна звязана з сусветнай культурай. Ціфані перыяду мадэрна. Ручная праца. Побач - кафля made in Belarus. Тут жа рэчы мануфактур Пецярбурга – завода братоў Карнілавых, Маскоўскай фабрыкі Гарднера.

Арт-нуво, югендстыль, сіцэсія – у розных краінах Еўропы мадэрн называлі па-рознаму. Мастацкі стыль, які ў свеце існаваў усяго 25 гадоў – да Першай сусветнай вайны. Прадметаў той эпохі ў Беларусі амаль не засталося і гэты факт, безумоўна, павялічвае каштоўнасць рэчаў стылю мадэрн.

Такую камерную экспазіцыю са шкла, фарфора і керамікі збіралі адразу шэсць айчынных калекцыянераў. Шкляныя вітрыны дазваляюць разгледзець кожны прадмет з розных бакоў. Як дапаўненне да прадметаў быту і дэкору – візуалізацыя той эпохі – вокладкі часопісаў і паштоўкі. А на іх часта прыжыццёвыя рэпрадукцыі карцін мастакоў Сярэбранага веку.