Сенсацыйнымі адкрыццямі завяршаюцца археалагічныя раскопкі ў Навагрудскім раёне

3 августа 2013

Сучасныя Індыяна Джонс праліваюць святло на таямніцу адной з самых старажытных на тэрыторыі Беларусі апор праваслаўя - легендарнага Лаўрышаўскага манастыра. Алена Борматава - пра адну з галоўных загадак беларускай гісторыі.


Пласты гісторыі яны здымаюць звычайнай рыдлёўкай. Раскоп - месца археалагічных даследаванняў - прама за вясковай хатай на заросшым пустазеллем пустыры. Менавіта тут на глыбіні некалькіх метраў і знаходзіцца адказ на адно з самых інтрыгуючых пытанняў нацыянальнай гісторыі. Некалькі стагоддзяў заставалася невядомым месца заснавання Лаўрышаўскага манастыра.


Яўген Ануфрыюк, удзельнік раскопак у в. Лаўрышава (Навагрудскі раён): Яшчэ ёсць пэўная цікавасць у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, і калі я даведаўся, што менавіта ў гэтым манастыры быў князь Войшалк і што фактычна гэты манастыр быў цэнтрам ВКЛ, то натуральна, захацелася яго пакапаць.


Першыя ўзгадванні пра манастыр адносяцца яшчэ да XIII стагоддзя. Праваслаўную святыню ўзвёў Войшалк - сын Міндоўга - заснавальніка Вялікага Княства Літоўскага. Стаўшы манахам, Войшалк не перастае быць кіраўніком дзяржавы, а цэнтрам ВКЛ робіць манастыр.


Сяргей Расадзін, доктар гістарычных навук, член Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кіраўнік раскопак: Войшалк - гэта Уладзімір Хрысціцель, які не здзейсніўся. Ён збіраўся хрысціць Літву ў праваслаўе, як Уладзімір хрысціў Русь, ці хан Барыс хрысціў Балгарыю.


На тым самым месцы, дзе сёння працуюць археолагі, і знаходзілася адно з першых збудаванняў манастыра. Там і было напісана знакамітае Лаўрышаўскае евангелле. Яшчэ летась быў знойдзены старажытны фундамент. Пасля года даследаванняў гісторыкі датуюць падмурак - XIII стагоддзе.


Аляксандр Петухоў, супрацоўнік філіяла Светлагорскага краязнаўчага музея: У гэтым раскопе знойдзена цэгла, якая датуецца XII-XIII стагоддзем. На ёй ёсць сляды пальцаў рук чалавека, які вырабляў гэтую цэглу. Аналагі існуюць нават у бліжэйшым наваколлі. Напрыклад, Навагрудскі замак, які таксама існуе з XIII стагоддзя.


Царква, каменны фундамент якой знайшлі археолагі, значыцца ў першым укладным манастырскім запісе. Узгадваецца яна і ў дакументах XVII стагоддзя. Пасля завяршэння работ падмурак плануюць перанесці на месца сённяшняга манастыра.


За бягучы палявы сезон з пластоў гісторыі дасталі тысячы артэфактаў. Фіксуюць усё, нават рыбныя косткі. Бытавыя прылады працы, кераміку датуюць XIII стагоддзем. Знаходкі звозяць на манастырскі падворак, дзе іх апрацоўваюць, сартуюць па відах, шыфруюць, фатаграфуюць і заносяць у дзённік археалагічных раскопак.


Раскопкі ідуць трэці сезон. І будуць доўжыцца да таго часу, пакуль не стане вядома, як выглядаў старажытны манастыр. Але ў археолагаў не стаіць задача дакапацца да глыбінь і паставіць кропку. Трэба нешта пакінуць наступным пакаленням даследчыкаў.