Сямён Дамарад адкрыў выставу пад назвай "Паэтыка пейзажа"

11 января 2018

Свой юбілейны год ён пачаў з вялікай персанальнай выставы ў галоўным музеі краіны. Сямён Дамарад напярэдадні 70-годдзя адкрыў гледачам выставу пад назвай "Паэтыка пейзажа". У экспазіцыі каля 30 работ, як са старых запаснікаў майстра, так і самыя новыя палотны. Пра мастака і яго вернісаж - падрабязней Наталля Бардзілоўская.

Ён любіць рыбалку, лясныя нарыхтоўкі, пакасіць луг, сарваць букет майскай чаромхі і падарыць жонцы. Жыхар мегаполіса спецыяльна купіў дачу на возеры, каб бачыць, адчуваць беларускую прыроду і пераносіць яе на палотны. У акварэлі і алейным жывапісе яго рэалістычны краявід не проста фатаграфічны - ён дакладна перадае настрой, надвор’е, стан прыроды: вуркатанне навальніцы, пах квітнеючага саду, храбусценне снегу. Любімыя пары года майстра - пераходныя, няяркія: ранняя вясна і позняя восень. Лета Дамарад называе часам назапашвання ідэй і накідаў: пачынае пісаць з натуры, а працягвае ўжо ў цёплай майстэрні ўзімку. За паўвека ў творчасці - за тысячу работ. Але лепшая - яшчэ не напісана.

Ураджэнец Бабруйска Сямён Дамарад - мастак дынастычны. Яго бацька - вядомы графік - даваў сыну першыя ўрокі. Потым школа мінскай Глебаўкі, Акадэмія мастацтваў. Педагогі Стэльмашонак, Вашчанка, Бараноўскі.

Сямён Дамарад спрабаваў сябе ў манументальным жанры, у нацюрморце і партрэце. Але свой стыль, непаўторны почырк знайшоў у пейзажы.

У гэтыя дні калекцыя яго работ экспануецца ў Рускім доме Берліна.

Беларускасць яго краявідаў бачылі музеі Азіі, ЗША. Дамарад выстаўляецца ў лепшых музеях нашай краіны. Год таму мастак выставіў свой пейзаж у Палацы Незалежнасці.

Сваю выставу Дамарад назваў "Паэтыка пейзажа". І гэта не проста гульня слоў - майстар таксама аздабляе кнігі. Адна з апошніх і яскравых яго работ - зборнік вершаў Валянціны Паліканінай "За плоццю слоў".