Сёння юбілей адзначае Аўгуст Мілаванаў

16 июня 2017

Народнаму артысту Беларусі - 80! Акцёр, які прысвяціў паўстагоддзя сцэне Купалаўскага, увасобіў дзясяткі характарных персанажаў. З юбілярам сустрэлася Вольга Мядзведзь.

Цяпер на сцэне яго не ўбачыць, і ў аб'ектыве кінакамеры народны артыст ня з'яўляецца. Пяць гадоў таму Аўгуст Мілаванаў вырашыў завяршыць творчы шлях. Скажа: "Найграўся". Але да гэтых слоў доўгае акцёрскае жыццё. І не адно – дзясяткі. Быў імператарам Ромулам і кірмашовым гандляром Герастратам, малочнікам Тэўе і міністрам Вяршылам. Але тэндэнцыя адна - толькі галоўныя ролі.

А калісьці юнак са Сталінграда пасля школы адправіўся заваёўваць тэатральны інстытут у Маскве. Прайшоў усе іспыты, але ад месца сам адмовіўся з салідарнасці: не паступіў яго таварыш. Пасля гэтага з навучаннем вырашыў пачакаць і адразу паспрабаваць сябе ў справе.

Цяпер народны, Мілаванаў прыйшоў у тэатр нават да таго, як атрымаў прафесійную адукацыю. Яго першай сцэнай стаў тады яшчэ Сталінградскі тэатр імя Горкага. Вось толькі працаваў ён там не артыстам, а памочнікам рэжысёра і быў сярод тых, хто ў часы адлігі ўдзельнічаў у першай пастаноўцы на постсавецкай прасторы булгакаўскага «Бегу».

Літаральна праз год Аўгуст Мілаванаў стаў студэнтам Беларускага тэатральна-мастацкага. Трапіў на курс Дзмітрыя Арлова. Па размеркаванні паехаў у Віцебск, але ўсяго на год. Затым лёс прывёў яго ў Купалаўскі.

Гэтай сцэне ён аддаў 50 гадоў. Працаваў з вядучымі рэжысёрамі тых часоў: Эрынам, Агамірзянам, Раеўскім. Але вось Купалаўскі закрылі на рэканструкцыю. Больш на родную сцэну Аўгуст Мілаванаў не выйдзе.

Кінакамеры яго любілі. Кіношных персанажаў не менш за тэатральных. Без яго не абышоўся практычна ні адзін праект “Беларусьфільма”. Аўгуст Мілаванаў і сам займаўся рэжысурай, у асноўным у аматарскіх тэатрах. А таксама больш за два дзясяткі гадоў ён з'яўляўся настаўнікам для новага пакалення акцёраў, многія з якіх ужо дасягнулі вышынь.