Сёння ва ўсім свеце адзначаюць Дзень роднай мовы

21 февраля 2018

У Беларусі да даты прымеркаваны тыдзень, які арганізавала Нацыянальная акадэмія навук. Сярод мерапрыемстваў - сустрэча навукоўцаў, літаратараў і студэнтаў, прысвечаная праекту «Гістарычны слоўнік беларускай мовы». Пра выданне, якое абагульніла лексічную культуру беларусаў за 5 стагоддзяў, Наталля Бардзілоўская.

37 тамоў. 75 тысяч слоў, якімі карысталіся нашыя продкі ад 14 да 18 стагоддзяў. Над гістарычным слоўнікам беларускай мовы працавалі пакаленні навукоўцаў. Праект рабілі на працягу 6 дзесяцігоддзяў. Увогуле ж, ідэя сабраць поўны лексікон нашых продкаў з'явілася напрыканцы 19 стагоддзя.

Вось у гэтых скрынках - аснова, на якой будаваўся гістарычны слоўнік беларускай мовы. У базе – каля мільёна шасцідзесяці тысяч картак. На кожнай – асобнае слова, крыніцы якога у пэўны час навукоўцы знаходзілі ў бібліятэках Еўропы. Лексікаграфічная апрацоўка, і толькі потым словы траплялі ў выданне.

Пошукавая геаграфія навукоўцаў: Расія, Польшча, Чэхія, Літва, Украіна. Краіны, з якімі ў розны час была звязана гісторыя Беларусі. Слоўнік выкарыстаў інфармацыю з грамат, уставаў, летапісаў, хронік, у тым ліку – Слова Францыска Скарыны, Васіля Цяпінскага, Сымона Буднага. Матэрыялы з трох Статутаў і метрык Вялікага Княства Літоўскага, са старажытных Евангелляў.

«Гістарычны слоўнік» - падручнік для мовазнаўцаў і этнографаў. Знаёміць з гісторыяй станаўлення нацыі беларусаў.

"Раскошнік", "цікавец", баброўнік», "дастачыц" - толькі беларусы мелі ў лексіцы гэтыя словы. Даведацца аб іншых, якія сёння не ўжываюцца, можна на старонках Гістарычнага слоўніка беларускай мовы.