У Палацы спорту праходзіць фінал конкурсу "Млын моды"

17 мая 2017

Дэфіле фарбаў і сілуэтаў. Сёння ў Палацы спорту праходзіць фінал fashion-конкурсу "Млын моды". І літаральна ў гэтыя хвіліны інтрыга павінна вырашыцца. Журы, у складзе якога і міжнародныя эксперты, праз некалькі хвілін уручыць узнагароды пераможцам у 8 намінацыях. Тут жа пройдзе і фінальны гала-паказ. На fashion-пляцоўцы працуе наша здымачная група.

На сувязь са студыяй выходзіць наш карэспандэнт Таццяна Кароль.

Трэба сказаць, што мы акунуліся ў атмасферу стылю і прыгажосці з самой раніцы. Сёння цэлы дзень на сцэне Палаца спорту гледачы маглі назіраць паказы фіналістаў "Млына моды" - лепшых дызайнераў Беларусі. А гэта 100 калекцый. На маю думку, у журы няпростая задача. У конкурсе прымалі ўдзел як вопытныя мадэльеры, так і пачаткоўцы. Усяго больш за паўтысячы дызайнераў, у кожнага свой погляд на трэнды гэтага сезона.

Тут і спалучэнне лёгкіх адценняў з натуральнай тканінай, і кідкія ўборы з геаметрычнымі лініямі. На конкурсе шырока прадэманстраваны і дзіцячыя калекцыі. Адным словам, глядач сапраўды змог убачыць у адным з вобразаў свой запаветны сілуэт. Ну а дызайнеры змагаюцца за права быць лепшымі ў сваёй справе. Як самі адзначаюць, пляцоўка "Млына моды" падыходзіць для амбіцыйных праектаў як нельга дарэчы.

Дарэчы, конкурс існуе ўжо 26 гадоў, але, як гавораць арганізатары, ён толькі развіваецца: з кожным годам расце колькасць удзельнікаў ды і папулярнасць "Млына".

Дарэчы, акунуцца ў апладысменты сёння змогуць не толькі дызайнеры, але і фатографы, а таксама мадэлі. Журы назаве імя пераможцаў у намінацыях "Фота" і "Топ-мадэль фестывалю".

Лаўрэаты атрымаюць права прадэманстраваць сваю калекцыю або працу на подыумах Еўропы і прайсці навучальныя семінары ў лепшых замежных школах моды - Мілана, Парыжа, у Польшчы.

І ўжо восенню арганізатары анансуюць пачатак новага сезона моднага фестывалю. Этапы адбору, семінары і майстар-класы чакаюць удзельнікаў амаль цэлы год. І не выключана, што ўжо ў маі 2018 загучаць новыя імёны беларускай fashion-індустрыі.