Сёння ў кінатэатры "Масква" адкрыюць XXVI кінафестываль "Лістапад"

1 ноября 2019
Некалькі гадзін застаецца да адкрыцця XXVI "Лістапада". У наступныя восем дзён міжнародны кінафестываль прэзентуе 154 карціны, упершыню прывязуць стужкі з Судана і Сенегала. Прывітанне ўдзельнікам форуму накіраваў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне ў тым, што "Лiстапад" сёлета чарговы раз стане сапраўдным святам для аматараў кіно і прымножыць колькасць сяброў і прыхільнікаў. 

Урачыстае адкрыццё форуму са слоганам "Да радасці" - сёння ўвечар. Падрабязней пра гэты "Лістапад" - Лідзія Заблоцкая

На гэты раз "Да радасці" будзе весці не традыцыйная чырвоная дарожка, а некалькі кінапавільёнаў. Вось тут, ля кінатэатра "Масква", "Беларусьфільм" пабудуе здымачную пляцоўку. І кожны, хто прыедзе сёння адкрыць "Лістапад", стане галоўным героем працэсу. А ўжо пасля  ўбачыць стужку, якая атрымала галоўны прыз кінафоруму ў Карлавых Варах.

Трагікамедыю "Бацька" знялі ўладальнікі  "лістападнага" золата ў 2015 годзе. Майстры з Балгарыі - Пётр Вылчанаў і Крысціна Грозева - ужо паказалі гісторыю аб падарожжы бацькі і сына "На краі свету" на Сахаліне і там атрымалі прыз  сімпатый гледачоў.
У спісе гасцей  больш як 130 рэжысёраў, акцёраў і кінакрытыкаў з 50 краін свету. Шорт-ліст асноўнага конкурсу разводзіць містычная фантазія ад скандальнай Валерыі Гай Германікі. На жаль, сама рэжысёр не фестываль не прыедзе. Выбера лепшую "лістападную" карціну журы на чале з рэжысёрам з Кубы Карласам Кінтэлам. А вось вердыкт, якая нацыянальная карціна стане першай, вынесе лаўрэат Венецыянскага кінафестывалю Кшыштаф Занусі. 

"Лістапад" усё часцей  пляцоўка для эксперыментальных стужак на "падумаць" і "здзівіцца". Сёлета літаральна за дзень раскупілі білеты на "Акварэль" Віктара Касакоўскага бюджэтам  2 млн еўра. Гісторыю аб вадзе ў розных выявах пакажуць у нестандартных 48 кадрах за секунду. Для гледачоў фэст падрыхтуе і інтэрактыў перад паказамі.

Усяго на карце "Лістапада" - сем кінатэатраў Мінска. І тут адно з новаўвядзенняў: у афішы не ўбачыце "Мір" - дакументальнае кіно пакажуць у адным з кінатэатраў у гандлёвым цэнтры. Цэны на білеты сёлета дэмакратычныя: кошт пачынаецца ад 3 да 7 рублёў. Купіць іх можаце ў рэжыме анлайн.