Сёння ў Белтэлерадыёкампаніі адбудзецца жараб'ёўка фіналістаў нацыянальнага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне-2018"

7 июля 2018

Сёння фіналісты нацыянальнага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне-2018" вызначацца, у якім парадку выходзіць на сцэну. Апоўдні ў Белтэлерадыёкампаніі адбудзецца жараб'ёўка. У ёй прымуць удзел 10 прэтэндэнтаў на перамогу. Сярод іх як сольныя выканаўцы, так і калектывы. Юным артыстам давядзецца пазнаёміцца з камандай медыяхолдынга, якая зоймецца трансляцыяй фіналу. Выніковы гала-канцэрт пройдзе ў прамым эфіры нашага тэлеканала не пазней за 15 верасня. Пераможца стане голасам краіны на 16-м міжнародным песенным конкурсе. Праўда, гэтым разам адпраўляцца ў загранічную камандзіроўку не прыйдзецца. Бо дзіцячае "Еўрабачанне-2018" прымае Беларусь. Трансляцыя будзе весціся з "Мінск-Арэны" 25 лістапада. Арганізатарам конкурсу выступае Белтэлерадыёкампанія - адзіны прадстаўнік Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза ў нашай краіне.