Сёння стартуе тэатральны тыдзень у Беларусі

24 ноября 2014
Да суботы амаль на ўсіх сцэнах Мінска будуць даваць спектаклі - намінанты Трэцяй нацыянальнай тэатральнай прэміі. Лепшых назавуць 30 лістапада. Сёлета галоўны конкурс слуг Мельпамены праходзіць з мноствам змен. Падрабязнасці ў Алены Борматавай.

Пляцоўкай Трэцяй нацыянальнай тэатральнай прэміі выбралі першую драматычную сцэну краіны - Купалаўскі тэатр. Менавіта тут сёння і дадуць старт тэатральнаму тыдню ў Беларусі. Адкрываць выніковыя мерапрыемствы таксама будзе адна з найстарэйшых труп: купалаўцы дадуць Пана Тадэвуша.
Спектакль стане першым у працы журы. Адна з асноўных змен сёлетняй тэатральнай прэміі - замест сотні тэатральных акадэмікаў створаны тры прафесійныя журы: Тэатра драмы, лялек і Музычнага тэатра.
Ірына Дрыга, першы намеснік міністра культуры Беларусі: З дзеячаў тэатра ў лік журы ўключаліся толькі тыя асобы, якія не задзейнічаны ніякім чынам у спектаклях-намінантах. Таму, можа, самых знакамітых дзеячаў тэатра ў журы там і не будзе, як Мікалая Пінігіна ці Валерыя Анісенкі, бо як раз іх спектаклі і ўдзельнічаюць у конкурсе.
Купалаўскі стане пляцоўкай і для ўсіх рэгіянальных тэатраў-намінантаў. Спектаклі са сталічнай прапіскай, якія прэтэндуюць на Нацыянальную прэмію тэатраў, пройдуць на іх родных сцэнах.
Ніна Шарубіна, член журы Музычнага тэатра III Рэспубліканскага конкурсу Нацыянальная тэатральная прэмія: Ёсць з чаго вылучыць і з каго вылучыць. У нас намінацыі Лепшы спектакль оперы, Лепшы Музычнага тэатра і Лепшы спектакль балета. Плюс такія падпункты: Лепшы харэограф, Лепшы рэжысёр і, вядома, Акцёрскія работы.
У Трэцяй нацыянальнай прэміі дваццаць адна намінацыя. У папярэдніх было ўсяго 11. Плюс дзве ганаровыя. І калі прыз за ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва быў і раней, то прэмія Мецэнат з'явілася ўпершыню.
Урачыстая цырымонія, дзе назавуць імёны пераможцаў, таксама пройдзе на сцэне Купалаўскага. Тэатр збярэ ўсю тэатральную эліту Беларусі. Мерапрыемства будзе камерным. Вечар пройдзе ў акадэмічнай, класічнай манеры.