Сёння стане вядома, хто прадставіць Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні-2019"

20 сентября 2019

Ужо сёння Беларусь пачуе голас, які прадставіць нашу краіну на дзіцячым "Еўрабачанні-2019". Пераможца будуць выбіраць тэлегледачы і прафесійнае журы. Арганізавала нацыянальны адбор Белтэлерадыёкампанія - адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза. А галоўны здымачны павільён медыяхолдынга ўжо гатовы да вялікага шоу.

Што мы не ўбачым у вячэрняй трансляцыі - закуліссе падрыхтоўкі гала-канцэрта ў рэпартажы Дар'і Тарасавай. Рэпетыцыя ў рэжыме прамога эфіру. Без прыпынкаў і права на памылку. У студыі "600 метраў" сёння рыхтуюцца да выніковага шоу нацыянальнага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне-2019". На генпрагоне вакалісты праспяваюць у сцэнічных касцюмах і з грымам.

Прыгожую карцінку песеннага шоу ствараюць каля 200 светлавых прыбораў. Кампазіцыю сцэны ўпрыгожаць тры святлодыёдныя аркі. Сімвалізуюць яны сонца і яго промні. Убачым таксама подыумы, якія дазволяць артыстам узаемадзейнічаць з танцпляцоўкай. Цэнтральная пазіцыя за святлодыёдным экранам, які ахоплівае ўвесь перыметр студыі.

Падтрымаць фаварытаў першая кнопка запрашае ў сваім "Інстаграме". Белтэлерадыёкампанія стварыла маску спецыяльна для фіналу нацыянальнага адбору. Прымерыць стылізаваныя сэрцы ў колерах нацыянальнага флага і воблака з лагатыпам дзіцячага "Еўрабачання" зможа кожны падпісчык афіцыйнага акаўнта "Беларусь 1".

Падтрымліваць фіналістаў падчас прамога эфіру будуць вядучыя шоу - стэндап-комік Андрэй Макаёнак і Хелена Мерааі, прадстаўніца Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні-2017" у Грузіі.

Сачыць за конкурсам гледачы могуць анлайн на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі tvr.by. Таксама ў 22 гадзіны трансляцыю гала-канцэрта пачнуць тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Імя пераможца нацыянальнага адбору даведаемся ўжо апоўначы.