Сёння стане вядома, хто паедзе на дзіцячае "Еўрабачанне" ад Беларусі

20 Верасня 2019
Літаральна праз некалькі гадзін наша краіна выбера свой голас. У 22:00 прамую трансляцыю нацыянальнага адбору на конкурс пачнуць тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама сайт медыяхолдынга tvr.by. Шоу выйдзе ў эфір са студыі "600 метраў".

Там, дарэчы, зараз працуе Іна Пілевіч. Яна з намі на прамой сувязі. Сёння ўжо паспела апублікаваць, як выглядае галоўны трафей конкурсу, а зараз збіраюся запісаць некалькі гісторый. Спецыяльна для прыхільнікаў конкурсу была распрацавана тэматычная маска ў Instagram. Каб яе знайсці,  трэба зайсці на акаўнт нашага канала belarus___1. Затым выбраць маску і пачаць запісваць гісторыю. На твары з'яўляюцца сімвал конкурсу - сэрцайкі ў колерах беларускага флага, а таксама воблака з надпісам Junior eurovision song contest. 

Падчас трансляцыі шоу любімага выканаўца можна падтрымаць не толькі такім відэазваротам, але і голасам. Нагадаем, пераможца праекта будзе вызначаны па выніках ацэнак журы і гледачоў. Іх сумуюць у працэнтных суадносінах 50 на 50. А выбар будзе нялёгкі - у выніковым гала-канцэрце 10 яркіх нумароў. Папрашу рэжысёраў паказаць відэанарэзку з рэпетыцый.

У гэтыя хвіліны ў студыі "600 метраў" Белтэлерадыёкампаніі завяршаецца падрыхтоўка да шоу. Літаральна гадзіну таму адбыўся генеральны прагон. Ён праходзіў у рэжыме прамога эфіру -  без права на паўзы. Зараз выканаўцы настройваюцца на выступленні - распяваюцца, грыміруюцца.

Ужо праз 3 гадзіны фіналісты паўстануць перад публікай у прамым эфіры. Шоу абяцае быць сапраўды маляўнічым. Здзіўляе сваёй формай нават пляцоўка. Сцэна ў гэтым сезоне трохвугольнай формы. І ад яе на танцпадлогу адыходзяць два подыумы, што дазволіць артыстам узаемадзейнічаць з гледачамі. Каму ж удасца праз камеру пакарыць сэрцы суддзяў і гледачоў,  даведаемся ўжо апоўначы.