Сёння па ўсёй краіне ўспаміналі Максіма Багдановіча

9 декабря 2016

Максім Багдановіч мала пражыў на Радзіме, але больш за іншых імкнуўся гаварыць і пісаць на роднай мове. Прайшло стагоддзе з чвэрцю, а загадка так і не раскрытая: як Багдановіч здолеў стаць сімвалам патрыятызму, пражыўшы ўсяго 25 гадоў, з іх не больш як 5 у Беларусі. Любасць да роднай зямлі, драматычныя жыццёвыя перыпетыі і талент, здольны адгадаць код свайго народа. Наталля Бардзілоўская - аб галоўных беларускіх старонках у біяграфіі Багдановіча.

Максім Багдановіч - мінчанін. Нарадзіўся ў доме на Траецкай гары (зараз раён Вялікага тэатра оперы і балета). Бацька - настаўнік, маці таксама, яна - выпускніца Пецярбургскай настаўніцкай школы. Максім - другі іх сын з чацвярых дзяцей. Калі хлопчыку споўнілася два, сям'я пераехала ў Гродна. Жыць на радзіме яму выпала мала. Адно з яркіх уражанняў - гасцяванне ў сваякоў па маці на Магілёўшчыне.

Хаця маці і не спрыяла беларускамоўнасці Максіма, усё ж такі ўскосна стала для яго тым сімвалам, дзеля якога ён усё жыццё адарваны ад радзімы імкнуўся заставацца беларусам. Мамы не стала, калі хлопцу было крыху больш за чатыры. Бацьку перавялі на службу ў Расію. Там Максім самастойна стаў вывучаць родную - матчыну мову.

Выпускнік Ніжагародскай мужчынскай гімназіі пачынае пісаць. Дэбют - "Музыка" - алегарычнае апавяданне пра лес Радзімы. На Волзе Багдановіч адкрые ў сабе і паэта-лірыка. З лета 1908 - лёс закіне яго ў Яраслаўль.

1911 - год яго асэнсаванай сустрэчы з Радзімай. У свае 19 - на некалькі дзён прыязджае ў Вільню, беларуская інтэлегенцыя знаёміць яго з нацыянальным побытам. Летнія канікулы праводзіць ў Ракуцёўшчыне, што пад Маладзечнам. Фальварак пана Лычкоўскага. Максім тады ўжо хворы размяшчаецца ў гасцявым доміку, бо "вершы хорам не пішуцца". Днямі прападае ў вёсцы: разглядае краявіды, заходзіць да сялян, збірае народны фальклор - ад кожнага ловіць родныя словы.

Кухня ў ракуцёўскім доме шляхціча Вацлава Лычкоўскага. Сам гаспадар сюды ніколі не заходзіў, але Багдановічу, які правёў у фальварку 2 летнія месяцы, цікава было ўсё, што тычыцца беларусаў: кожная фактурная рэч, кожная дэталь побыту, кожны характар земляка. Максім штовечар абавязкова заходзіў сюды.

Менавіта тут за кароткі тэрмін народзяцца і "Слуцкія ткачыхі", і "Вераніка". Муз у гімна каханню было 2 - пляменніца гаспадара Эмілія Шабуня, старэйшая за Багдановіча на 5 гадоў, і яе дачка - маленькая Янінка.

Па вяртанні ў Яраслаўль Багдановіч піша зборнік "Вянок" - цыкл, бадай што, сёння самы вядомы. За год да смерці паэт вяртаецца на Беларусь. Мінск. Малагеоргіеўская вуліца, дом 14, "Беларуская хатка", культурна-асветніцкі клуб мастацкай інтэлегенцыі, у якім сустракаліся са Змітраком Бядулям, Зоськай Верас - фонд беларускага тэлебачання захоўвае яе ўспамін.

У Мінску Багдановічу становіцца горш. Сябры арганізуюць яго паездку ў Крым лячыцца. Але Максіму-кніжніку (так паэт сам сябе называў) застанецца жыць некалькі месяцаў. Максіма не стала ў маі. Яму не споўнілася і 26.