Масква развіталася з Мікалаем Карачанцавым

29 октября 2018

Праводзіць у апошні шлях любімага акцёра ў тэатр "Ленкам", якому артыст аддаў амаль 40 гадоў, сёння прыйшлі тысячы прыхільнікаў яго таленту. Ён не дажыў да свайго 74-годдзя роўна адзін дзень. І сёння па тэатральнай традыцыі ў апошні шлях артыста праводзілі апладысментамі. Пахавалі Мікалая Карачанцава на Траякураўскіх могілках. З развітальнай цырымоніі рэпартаж Дар'і Белавусавай-Пятроўскай.

Сюды, у "Ленкам", Мікалай Карачанцаў прыйшоў у 1967-ым - адразу пасля заканчэння школы-студыі Маскоўскага мастацкага акадэмічнага тэатра. Яму давяралі ролі маладых і дынамічных герояў. Але прыход Марка Захарава змяніў усё: і тэатр, і жыццё самога акцёра. Пасля прэм'еры спектакля "Тыль" Карачанцаў прачнуўся знакамітым. А легендарная рок-опера "Юнона і Авось" зрабіла яго кумірам цэлага пакалення.

Дарэчы, менавіта Карачанцаў быў першым, хто на мастацкім савеце прапанаваў скарыстацца гарадскім фальклорам і назваць тэатр "Ленкам", а не пафаснай назвай Тэатр імя Ленінскага камсамола. І сёння сюды, у тэатр, у якім Мікалай Пятровіч праслужыў амаль 40 гадоў, прыйшлі тысячы прыхільнікаў яго таленту.

Яго называлі "вясёлы бунтар, адораны Богам", і ён насамрэч быў універсальным артыстам. Мог да слёз рассмяшыць гледача сваімі камедыйнымі ролямі. І гэтак жа прымусіць рыдаць, дзякуючы таленту драматычнага акцёра.

Карачанцаў не быў класічным прыгажуном, але валодаў унікальнай харызмай і абаяннем. Ад яго ішлі хвалі пазітыву. Нават пасля аўтамабільнай аварыі, дзе ён атрымаў сур'ёзную чэрапна-мазгавую траўму і амаль месяц знаходзіўся ў коме, ён здолеў ставіцца да жыцця з пачуццём гумару.

У кіно Мікалай Карачанцаў выканаў больш за сто роляў. Самыя вядомыя кінастужкі - "Старэйшы сын", "Сабака на сене", "Чалавек з бульвара Капуцынаў" і, вядома, "Белыя Росы". Здымалі на кінастудыі "Беларусьфільм". Брутальнаму і падцягнутаму Карачанцаву (яго нават параўноўвалі з Дэлонам і Бельмандо) прапанавалі сыграць ролю вясковага разгільдзяя Ваські Ходаса. Акцёр адразу трапіў у тыпаж і стаў ледзь не сваім для тысяч беларускіх вяскоўцаў.

Карачанцаў быў артыстам, які спявае (у 2007 годзе выйшла "Анталогія яго песень" на 12 кампакт-дысках) і майстрам агучвання. Яго непаўторным нізкім голасам гавораць многія героі савецкіх мультфільмаў і французскіх кінастужак.

Мікалай Карачанцаў не дажыў да свайго 74-годдзя роўна адзін дзень. І сёння па тэатральнай традыцыі вясёлага бунтара, адоранага Богам, праводзілі апладысментамі і крыкамі "Брава!".