Упершыню свята з'явілася ў 30-я гады мінулага стагоддзя ў ЗША. А ў 1999-м ідэю падтрымала ЮНЕСКА. Дзень паэзіі павінен удыхнуць другое жыццё ў сусветны літаратурны рух. Пра новыя адкрыцці жыцця і творчасці Якуба Коласа раскажа Вольга Мядзведзь.
З хатняй бібліятэкі ў фонды музея гэтая кніга трапіла не больш за паўгода таму. Зборнік апавяданняў Тараса Гушчы (ён жа Якуб Колас) датуецца 1928-м годам. Гэтыя старонкі яшчэ ніколі не экспанаваліся. Менавіта да Дня паэзіі «На прасторах жыцця» ўпершыню прынеслі са сховішчаў.
Такі ж зборнік ёсць і на выставе, але гэтае выданне ўнікальнае. На фарзацы кнігі ёсць аўтограф народнага паэта для сябра па Нясвіжскай педагагічнай семінарыі Яўгена Астроўскага. Збор твораў у архіў перадала ўнучка Астроўскага, якая цяпер жыве ў Грузіі. Калі і пры якіх акалічнасцях таварышы сустрэліся, музейшчыкам пакуль невядома.
Зінаіда Камароўская, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа:
«Гэта вельмі рэдкая кніга. Мала таго што выданне 1928 года, дык яшчэ і аўтограф 1929 года і пры тым аўтограф вельмі рэдкі. Тым больш што мала звестак пра Коласавы стасункі з сябрамі-студэнтамі».
Коласаўскі дом, дзе зараз размяшчаецца мемарыяльны музей пісьменніка, у свой час быў цэнтрам паэтычных сустрэч. Тут збіраліся яго сябры, яны ж калегі па пяры. У год юбілею народнага пісьменніка з музейных сховішчаў выставілі асабістыя рэчы, перапіску, рукапісы і рэдкія здымкі Коласа як сем'яніна, гаспадара і сябра.
У зборніках Коласа практычна няма любоўнай лірыкі. Паэт не хацеў выносіць сямейнае жыццё напаказ. Аднак радкі да свайго галоўнага кахання, жонкі Марыі, ён усё ж пісаў. Вершаваныя рукапісы ўпершыню за экспазіцыйным шклом. Колас як любячы муж прадэманстраваны ў арыгінале.













