Цікава, што насамрэч знакаміты мастак з'явіўся на свет 6 ліпеня. Але майстар, верачы ў магію лікаў, адзначаў свой дзень нараджэння на дзень пазней. На малой радзіме Шагала, у Віцебску, круглую дату святкавалі адразу на некалькіх пляцоўках. Паказ дакументальнага фільма, тэатралізаванае шэсце, вернісаж юных мастакоў. І нават зараз урачыстасці працягваюцца - неўзабаве госці ўбачаць спектакль Беларускага тэатра "Лялька" "Шагал. Зыход". З Віцебска - рэпартаж Марыны Раманоўскай.
Утульная вуліца ў Віцебску. Менавіта тут, на Пакроўскай, знаходзіцца знакаміты Дом- музей Шагала. Шматлюдна тут заўсёды. Пабываць у доме, дзе жыў вялікі майстар, прыязджаюць турысты з розных краін. І сёння нагода асаблівая - увесь свет адзначае 130-годдзе з дня нараджэння мастака.
Цікава, што насамрэч Марк Шагал з'явіўся на свет 6 ліпеня. Але, верачы ў магію лічбаў, мастак прыняў рашэнне адзначаць свой дзень нараджэння на дзень пазней. Блізкія Шагалу людзі віншавалі майстра менавіта 7 ліпеня.
Традыцыйнае свята "У гасцях у Марка і Бэлы". На малой радзіме мастака круглую дату адзначаюць па-асабліваму цёпла. І, мабыць, адзін з самых галоўных падарункаў - партрэт Марка Шагала ў выкананні нямецкага мастака Германа Штрука. З гэтага часу гравюра стане часткай экспазіцыі музея Марка Шагала ў Віцебску.
На сцэне Коласаўскага - "Шагал…Шагал…" Прэм'ера адбылася яшчэ ў 99-ым. Поўныя залы абноўленая пастаноўка збірае і сёння. Па задумцы, спектакль раскрывае погляд мастака на ўласны лёс з вышыні ўжо пражытых гадоў.
Творчасць вялікага мастака шануюць ва ўсім свеце. Яго імем названыя мастацкія школы, набярэжныя, вуліцы. Ёсць вуліца Марка Шагала і ў Віцебску. Тут жа знаходзіцца будынак Віцебскага народнага мастацкага вучылішча - у гэтых сценах працавалі Шагал і Малевіч. Неўзабаве помнік архітэктуры будзе адкрыты для наведвальнікаў як музей.
Вядома, што захапляўся Марк Шагал і літаратурай. Цытатамі майстра мастакі-пачаткоўцы ўпрыгожылі горад на Дзвіне. Тут жа і паэтычнае прызнанне ў любові роднаму Віцебску. Які майстар праславіў на ўвесь свет.













