Сёння Мінск упершыню прымае Міжнародны з'езд славістаў

21 августа 2013

Сусветна вядомыя імёны і даследаванні, якія даюць развіццё вялікаму комплексу гуманітарных навук. Сёння Мінск упершыню прымае юбілейны, 15-ы, Міжнародны з'езд славістаў. У беларускую сталіцу ўжо прыбылі першыя госці. А маштабны форум ужо лічаць няйнакш, як найважнейшай навуковай і культурнай падзеяй года. Падрабязнасці - у Алесі Высоцкай.



Больш за 800 вучоных з 35 краін свету. Сярод іх і зоркі першай велічыні, імёны і даследаванні якіх можна знайсці на сайтах найбуйнейшых навуковых інстытутаў. Усё гэта толькі падкрэслівае ўзровень форуму, які раз на пяць гадоў падводзіць вынікі работы даследчыкаў. І для сустрэч выбіраецца адна са славянскіх краін.


Міжнародныя з'езды славістаў праходзяць з 1929 года. Амаль штогод у ім прымаюць удзел і беларусы. Тут абмяркоўваюцца праблемы развіцця славянскіх моў, літаратур, культур і фальклору. Гасціннай гаспадыняй форуму на гэты раз упершыню стала Беларусь, якая зараз актыўна ўмацоўвае статус незалежнай славянскай краіны са сваёй адметнай мовай, арыгінальнай мастацкай літаратурай, багатай гісторыяй і духоўнай спадчынай.


Знаёміцца з сучаснымі навуковымі працамі госці форуму будуць на працягу сямі дзён. Сёння з'езд урачыста адкрыецца. Праблемныя тэмы загучаць у дакладах. Што трэба зрабіць для ўмацавання славянскага адзінства - абмяркуюць за круглымі сталамі. У праграме таксама шматлікія экскурсіі па самабытных і гістарычных месцах Беларусі, арыгінальныя выставы.