Сёння Міжнародны дзень тэатра лялек

21 марта 2017

Калі ў галоўных ролях марыянеткі, пальчаткі і тантамарэскі. Сёння Міжнародны дзень тэатра лялек. Свята ў Беларусі адзначаць шэсць такіх храмаў культуры - па адным у кожным абласным цэнтры. Найстарэйшы з іх - мінскі. Калектыў тэатра лялек прызнаны і за мяжой. Сваё прафесійнае свята трупа праводзіць на сцэне - рыхтуе для гледачоў прэм’еру. Падрабязнасці ў Іны Пілевіч.

Не заблытацца ў дзясятках доўгіх нітак і пры гэтым удыхнуць жыццё ў нямую марыянетку. Вось ужо тры дзесяцігоддзі актрыса Яна Агеенка ажыўляе лялек на сцэне. Усе апладысменты і акцёрскія лаўры дастаюцца пальчаткам, тантамарэскам, ценям, маскам і планшэтным фігурам.

Персанажы будучых прэм'ер нараджаюцца на паперы. Затым эскізы трапляюць у вытворчыя цэхі - рэквізітарскія, пашывачныя, слясарныя. Задумкі рэжысёраў і мастакоў увасабляюць бутафоры. Зараз выліваюць 11 масак да новага спектакля «Пансіён Бельведэр». Прэм'еру дае запрошаны італьянскі рэжысёр Матэа Сп'яцы ў гэтую пятніцу.

Лялечны не значыць дзіцячы. У афішы сур'ёзныя драматычныя спектаклі паводле твораў Караткевіча, Мальера, Чэхава, Міцкевіча для публікі 18 плюс. Насуперак стэрэатыпу толькі палова рэпертуару разлічана на маленькага гледача. Летапіс калектыву вядуць у персанальным музеі. Тут сабраныя дэкарацыі, акцёры-лялькі з легендарных пастановак.

Статус, бадай, самых тэхнічна складаных лялек належыць героям нашумелай у 80-я пастаноўкі «Майстар і Маргарыта». Галоўныя ролі выконвалі вось гэтыя робаты з чалавечы рост. Яны кіраваліся дыстанцыйна пры дапамозе джойстыкаў і знаходзіліся не толькі на сцэне, але і ў зале. Здзіўляла, што пасярод спектакля побач раптоўна ажывала лялька, пачынала рухацца і размаўляць.

Прафесійнае свята сустракаюць у стане рамонту. Хутка ў Дзяржаўнага тэатра лялек будзе новы ганак. А пакуль гледачы прыходзяць на спектаклі праз суседнія дзверы кінатэатра «Піянер». Лоск наводзяць да юбілею. У наступным сезоне старэйшай лялечнай трупе краіны 80.