Сёння - Міжнародны дзень роднай мовы

21 февраля 2016

Свята заснаванае ЮНЕСКА, каб падтрымаць шырокае выкарыстанне спрадвечных моў. Беларуская мова - адна з дзвюх дзяржаўных моў у нашай краіне. Ёй карыстаюцца больш за сем мільёнаў чалавек. Дарэчы, беларуская мова самая старажытная сярод славянскіх і, згодна з даследаваннямі, самая мілагучная пасля італьянскай. Моўная культура беларусаў надзвычай багатая i самабытная. Яна ўвасоблена ў песнях, прыказках і, канешне, у творах мастацкай літаратуры.

Наталля Бардзілоўская ўбачыла, з чаго пачыналіся азы беларускамоўя.

Царкоўнаславянская як калыска нашай роднай мовы і нашага буквара. Нацыянальная бібліятэка Беларусі захоўвае адзін з самых рэдкіх асобнікаў, па якім раней дзеці навучаліся грамаце. Гэта Віленскі буквар 1767 года, выдадзены Свята-Траецкім манастыром у Вільні. Такіх экзэмпляраў у свеце усяго два – адзін знаходзіцца тут, у Мінску, другі - у Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы.

Буквар пачынаўся з вялікіх літар, потым маленькія, затым вывучалі іх адваротны (задам наперад) ход. Склады-словы і сказы рэлігійнага зместу.

Але мэта царкоўнаславянскага буквара была шырэйшай, чым навучыць пісьму і чытанню. Дзяцей з маленства знаёмілі з евангелічнымі сюжэтамі і прыцягвалі да духоўнага. Зрэшты, букварамі (навучальнымі кнігамі) ў старажытнасці лічылі амаль кожны зборнік, у тым ліку Псалтыр. У свой час такая літаратура выходзіла велізарнымі тыражамі і не была рэдкай. Навучальная літаратура пераходзіла з рук у рукі, з пакалення ў пакаленне. Да нашага стагоддзя старажытныя буквары, азбукі, падручнікі захаваліся ў адзінкавых экзэмплярах і па большасці знаходзяцца за мяжой.

У сховішчы Нацыянальнай бібліятэкі нямала падручнікаў-рарытэтаў. Ёсць буквары XVIII cтагоддзя, азбукі і граматыкі XIX стагоддзя. Ад пачатку XX стагоддзя захаваліся падручнікі непасрэдна на ўласнай нацыянальнай беларускай мове. У беларускай рэспубліцы як адной з савецкіх беларускамоўныя буквары з'яўляюцца не толькі для дзяцей – для дарослых. Буквары для чырвонаармейцаў, калгаснікаў і для настаўнікаў. Сёння гэтыя кніжкі з'яўляюцца сведчаннем багатай і развітой моўнай традыцыі на нашых землях.

Ім няма калі пыліцца на паліцах. Старажытныя буквары – прадмет вывучэння нашых сучаснікаў, навукоўцаў, якія распрацоўваюць і выдаюць сённяшнім школьнікам навучальную літаратуру. І Анатоль Клышка (аўтар айчыннага буквара канца 60-х), і стваральнік «Азбукі на ўсе часы» Марат Бацвіннік карысталіся старадрукамі, каб на традыцыях пабудаваць новую сучасную кнігу. На вытрымках са старадрукаў, кніг Скарыны і беларускіх класікаў, ужо нашых сучаснікаў (Шамякіна, Мележа) сёння будзе створаны і галоўны сюрпрыз ад Нацыянальнай бібліятэкі. У Дзень роднай мовы ўвечары на бібліятэчным будынку будуць зіхацець неўміручыя словы Купалы і Коласа, Танка і Крапівы.