Сёння – Міжнародны дзень роднай мовы

21 февраля 2017

Пра культурную разнастайнасць і традыцыі, якія знікаюць, гэтая дата нагадвае ўжо васямнаццаты раз. Для Беларусі ж яна асаблівая: сёлета краіна адзначыць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Да Дня роднай мовы па ўсёй краіне праходзяць святочныя мерапрыемствы, а ў беларускім МЗС адбылася ўрачыстасць, прысвечаная таксама 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы. Як гучаць вершы народнага паэта Беларусі на розных мовах свету, пачула Ларыса Гулякевіч.

На ўрачыстай імпрэзе, прысвечанай святкаванню Міжнароднага дня роднай мовы і 135-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, гучалі вершы, паэмы песняра ў выкананні прадстаўнікоў дыпламатычных місій, акрэдытаваных у нашай краіне.

Адным з самых распаўсюджаных ва ўсім свеце з'яўляецца купалаўскі верш «А хто там ідзе?», які перакладзены на 84 мовы свету. Апошні пераклад быў зроблены на фарсі.

Створана экспазіцыя з фондаў Купалаўскага музея «Я нясу вам дар». Выстава знаёміць са старонкамі жыцця і творчасці, радзімай Вязынкай і Купаллем, на якое нарадзіўся паэт.

Упершыню ў экспазіцыю ўключаны партрэты бацькоў Янкі Купалы - Дамініка Луцэвіча і Бянігны Валасевіч. Гэта фантазійнае ўяўленне аўтара-мастака, таму што фотаздымкаў, на жаль, не захавалася.

У архіве Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы ёсць толькі партрэт маці Купалы ва ўзросце 60-ці гадоў. Таму мастаку Віктару Нямцову прыйшлося партрэты бацькоў паэта рабіць па захаваных апісаннях і законах фізіягномікі.

Сімвалічна, што Янка Купала сам валодаў замежнымі мовамі, займаўся перакладамі на беларускую такіх літаратурных твораў, як «Слова аб палку Ігаравым», польскага тэксту ў п'есах Дуніна-Марцінкевіча «Ідылія» і «Залёты», лібрэта оперы «Галька» Манюшкі, паэмы Пушкіна «Медны коннік», шэрагу вершаў і паэм Шаўчэнкі, асобных твораў Някрасава, Крылова, Міцкевіча, Сыракомлі і многіх іншых пісьменнікаў.

Сёння сваю даніну павагі аддаюць краіны свету беларускаму песняру.