Сёння Міжнародны дзень музеяў

18 мая 2018

Сёння музейныя працаўнікі ўсяго свету адзначаюць прафесійнае свята - Міжнародны дзень музеяў. У Беларусі налічваецца больш як 150 дзяржаўных "сховішчаў вечнасці". З'яўляюцца і новыя. Так, у краіне распрацаваны аўтарскі турыстычны маршрут, які аб'яднае Мінск, Крупкі і Чарэю, звязаныя з творчасцю жывапісца Барыса Аракчэева.

Расказвае Алена Борматава: Дом на скрыжаванні Інтэрнацыянальнай і Леніна. Тут на верхнім паверсе 50 гадоў працаваў адзін з патрыярхаў пасляваеннай мастацкай школы Беларусі Барыс Аракчэеў. Вокны майстэрні выходзяць на гістарычны цэнтр. Месца, якое на шматлікіх працах мастака. Творчая лабараторыя майстра і стала адпраўным пунктам новага турыстычнага маршруту.

Менавіта на гэтых квадратных метрах былі напісаны знакавыя і хрэстаматыйныя палотны майстра, якія сёння ў музейных зборах краіны. Можна ўбачыць унікальныя замалёўкі мастака - яго запісныя кніжкі з накідамі, сюжэтамі і элементамі будучых карцін. Яго палітру, эцюднік, пэндзлі - прылады, якімі ствараліся сотні твораў. Частка майстэрні - міні-музей Барыса Аракчэева, бо ў Мінску праблема з мемарыяльнымі кватэрамі і музеямі з-за спрэчак са спадчыннікамі.

Канчатковы маршрут экскурсіі не зацверджаны. Ён на стадыі распрацоўкі. Зараз прапрацоўваюцца новыя месцы для наведванняў. Да таго ж, гістарычна-мастацкі турызм - досыць новы кірунак для Беларусі. Гэта аўтарскі праект індывідуальных экскурсій для груп не больш за 20 чалавек.

Першая паездка запланаваная на 19 мая. З майстэрні мастака - да галерэі, якая носіць яго імя - у Крупкі. Там можна будзе ўбачыць палотны, прысвечаныя Вялікай Айчыннай. Аракчэеў сам франтавік і пра вайну ведаў не па чутках. А недалёка ад Крупак аграгарадок Чарэя са знакамітай Белай царквой - месца, якое так часта пісаў мастак.

Экскурсія не будзе насіць рэгулярны характар і не стане круглагадовай. Групы будуць фарміравацца пад вызначаныя падзеі. Час правядзення - вясна-восень.