Сёння "Лістапад" назаве імёны пераможцаў

8 ноября 2019

Сёння галоўны кінафорум краіны "Лістапад" назаве імёны пераможцаў. Ужо ўвечары ў кінатэатры "Масква" 26-му мінскаму фестывалю скажуць: "Стоп! Знята!". За гэты тыдзень гледачы ўбачылі больш як 150 аўтарскіх фільмаў з 50 краін свету. Суправаджалі гэтую кінавосень майстар-класы ад прафесіяналаў індустрыі і, вядома, сустрэчы са стваральнікамі фільмаў. Не менш актыўны "Лістапад" і ў апошні конкурсны дзень.

Якія стужкі лідзіруюць па версіі гледачоў і што сёння можна паглядзець у мінскіх кінатэатрах - ведае наш карэспандэнт Дар'я Тарасава. Каму дастанецца Гран-пры "Лістапада"? Сёння гэта самае абмеркаванае пытанне для тых, хто на працягу тыдня глядзеў дакументальнае, нацыянальнае і ігравое аўтарскае кіно. Свае прагнозы ў Сетцы актыўна робяць кінакрытыкі. Фаварытаў, а такім чынам "бронзу" форуму, традыцыйна выбірае глядач.

"Лістапад" працягваецца і для тых, хто не дайшоў да кінатэатра. Сёння ў "Піянеры" пакажуць яшчэ 2 фільмы асноўнага конкурсу, а малая зала прымае "Маладосць на маршы". Працу працягвае індустрыяльная платформа. Як манціраваць мастацкае і дакументальнае кіно, зрабіць фільм прывабным для сусветнай грамадскасці - міжнародныя эксперты, расказваюць і паказваюць на "Беларусьфільме". Мазгавы штурм і ў міжнароднай калегіі суддзяў.

Увогуле "Лістапад" раздасць 24 прызы. Нагадаем, 5 статуэтак у метале знайшлі сваіх уладальнікаў. Ужо з узнагародамі "Конкурс нацыянальных кінашкол" і "Лістападзік". А астатнія трафеі сёння адправяцца ў сталічную "Маскву", праўда, яшчэ без імянной гравіроўкі. Чые ініцыялы ўбачым на стылізаваных кляновых лістах з профілем гледача - даведаемся на закрыцці. Яшчэ адна інтрыга цырымоніі - каму дастанецца спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве".

Закрываць форум кінараманам. "Нябачнае жыццё Эўрыдзікі" перанясе гледачоў у Рыа-дэ-Жанэйра 50-х гадоў. Фільм ужо ўзяў Гран-пры "Асаблівага погляду" ў Канах. А "Лістапад" гатовы даць фінальныя цітры, але не гатовы расстацца з кінаманамі. У эпілогу фестывалю на адзін дзень застаюцца пазаконкурсныя паказы.