Сёння Леаніду Нячаеву споўнілася б 80 гадоў

3 мая 2019
Ён здымаў дзіцячыя мюзіклы, такія  карысныя дарослым. Сёння народнаму артысту Расіі Леаніду Нячаеву споўнілася б 80 гадоў. Гэты рэжысёр літаральна падарыў гледачам казку, усё жыццё ён экранізаваў дзіцячую літаратуру. Зняў культавыя фільмы "Прыгоды Бураціна", "Чырвоны Капялюшык",  "Вар'яцкая Лоры",  "Руды, сумленны, закаханы", "Прададзены смех". Якім ён быў на здымачнай пляцоўцы,  і як фільмы майстра апынуліся па-за часам,  распавядзе   Дар'я Тарасава. 

З такой знешнасцю і голасам Нячаеў сам мог працаваць у кадры, але выбраў рэжысуру і стварыў свой бутафорскі свет. Выпускнік ВДІКа дэбютаваў у кіно ў 74-м. Пачынаў як дакументаліст. Але слава прыйшла да яго ў іншым жанры.

 Класікам савецкага дзіцячага кіно карэнны масквіч стаў на нашым Беларусьфільме, калі на экраны выйшла яго карціна "Прыгоды Бураціна". Дарэчы,  мастсавет адмовіўся прымаць, паводле яго  меркавання, правальную стужку. Спачатку фільм удастоілі авацыі ў Маскве, а пасля таго, як яго паказалі па тэлевізары, Нячаеў прачнуўся знакамітым.

Гісторыю драўлянага хлопчыка здымалі па заказе Цэнтральнага тэлебачання. На казку з мінімальным бюджэтам выдалі лімітаваную колькасць кінаплёнкі, таму працавалі без браку. 

Ён любіў  натурныя здымкі, але большасць сваіх карцін адздымаў у павільёнах Беларусьфільма. У цэхах кінастудыі дагэтуль захоўваецца арыгінальны рэквізіт і касцюмы Нячаеўскіх казак. Пад асаблівым наглядам рэквізітараў - накідка Карабаса Барабаса і вядомая сукенка Лісы Алісы. Вінтажным уборам ужо за 40. 

Беларусьфільму Леанід Аляксеевіч служыў 17 гадоў. Дзякуючы яму на нашай студыі зняліся Этуш, Быкаў і Зялёная. Нячаеву пашанцавала,  ён знайшоў свайго кампазітара - чароўную музыку для яго тэленавел пісаў Аляксей Рыбнікаў.

Нячаеў улюбляўся ў тыпажы і часцяком сам запрашаў дзяцей на кінапробы. Так было і з "Прададзеным смехам", паводле  сюжэта якога галоўны герой Цім Талер заключае здзелку са злым чараўніком наўзамен на здольнасць выйграваць заклад. 

Пасля поспеху "Залатога ключыка",  Нячаеў утрымаў планку. Музычная камедыя "Чырвоны Капялюшык", гісторыя з хэпі-эндам назаўжды ўпісала імя рэжысёра ў залаты фонд айчыннага кінематографа. А Яна Паплаўская не толькі зачаравала мільёны гледачоў, але і была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі СССР. Ролю ў стужцы Нячаеў знайшоў і для дачкі Анастасіі. Яна - адзіная з шасці  дзяцей майстра  знялася ў фільме бацькі. 

Пасля 10-ці гадоў творчага прастою, ён зняў сваю апошнюю казку "Дзюймовачка". Яго па-ранейшаму запрашалі ў Мінск. Леанід Аляксеевіч быў заўсёдным госцем і членам журы кінафестывалю "Лістапад", але гэта быў час ужо іншага кіно. У галоўнага казачніка застаўся сцэнарый, які ён так і не паспеў зняць.  Фільм  "Па шчупаковым загадзе" гледачы не ўбачылі.