Сёння Купалаўскі тэатр адкрыў свой 101-ы тэатральны сезон

3 марта 2021
Адкрыў прэм'ерай - на сцэну вярнулася легендарная "Паўлінка". Спектакль - візітную картку  - фактычна адрадзілі і амаладзілі за паўтара месяца. Вядучыя ролі  ў дэбютантаў. Артыстаў-пачаткоўцаў падтрымалі патрыярхі трупы. Як падымалі заслону пасля даволі працяглай  паўзы? З Купалаўскага   рэпартаж Іны Пілевіч.  

Вяртанне легендарнай "Паўлінкі"

Грыміравацца для свайго першага выхаду на прафесійную сцэну яна пачала яшчэ раніцай. Такія раннія зборы на вячэрні паказ як спосаб пазбегнуць хвалявання. Яшчэ б,  крытыкі будуць параўноўваць яе з папярэднімі пакаленнямі актрыс. Яркія румяны, вогненны вянок, маляўнічы касцюм  і другакурсніца Інстытута культуры становіцца Паўлінкай. 

Увасобіць вядомага персанажа 21-гадовай Анастасіі Варанковай даручылі па выніках кастынгу. Такога супадзення па ўзросце з літаратурнай гераіняй на гэтай сцэне яшчэ не было - у Купалы Паўлінцы ўсяго 19. Але звычайна гэтая роля даставалася больш сталым актрысам.

Перад доўгачаканым паказам дадатковая рэпетыцыя з пачаткоўцамі трупы. У большасці гэта студэнты Інстытута культуры. У спектакль уводзіць артыстаў  таксама наваспечаны памочнік рэжысёра - выпускніца Акадэміі мастацтваў Зінаіда Вядзеніна.

Асвоіцца пачаткоўцам дапамагалі і патрыярхі сцэны. Аўсяннікаў, Зубкова, Міронава, Няфёдава. Яны падтрымалі і калегу Міхаіла Світу. У трупе ён тры гады, а зараз адкрыў сябе ў амплуа пана Быкоўскага. Разам астатнія купалаўцы спадзяваліся і чакалі, калі на родных падмостках ізноў прагучыць трэці званок і паднімуць заслону. 

Грымёркі пусцелі, рэпетыцыйныя залы прастойвалі, а сцэна нумар адзін не чула апладысментаў цэлых паўгода. Бо пасля жнівеньскіх падзей з Купалаўскага звольнілася вялікая частка трупы і некаторыя работнікі. Тыя, хто застаўся, народныя, заслужаныя спрабавалі абараніць гонар роднага тэатра і з сумам успаміналі некалі поўныя залы. Марылі толькі аб адным - ізноў атрымаць магчымасць працаваць і дарыць свой талент публіцы.

Аднаўляць брэнд 100-гадовага тэатра па крупінках пачалі восенню. Спачатку праслухоўванні, пасля рэпетыцыі. Як вынік сёння ў трупе 25 чалавек. На адным з прагонаў "Паўлінкі" пабываў і Кіраўнік дзяржавы. У дэкарацыях беларускай хаты адбылася размова па душах з калектывам. 

9 паказаў "Паўлінкі" ў сакавіку

Дарэчы, білеты на спектакль  разляцеліся за некалькі сутак продажу. Гледачы засумавалі па гісторыі юнай прыгажуні, якая выбрала сабе пару насуперак бацькаўскай волі. Вядомы сюжэт, які прымушае радавацца і засмучацца, задумвацца аб агульначалавечых каштоўнасцях. Сюжэт, які ўжо 77 гадоў збірае аншлагі.

Усяго на сакавік запланавана 9 паказаў "Паўлінкі". Таксама ў гэтым месяцы ў афішу вяртаецца спектакль "Вечар". Рэквіем у адным дзеянні вернецца на падмосткі Купалаўскага 19 сакавіка.