Сёння спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

26 ноября 2015

Сёння 85 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Яго творамі зачытваюцца людзі розных узростаў - ад школьніка да прафесара. Ён стаў першым, хто так займальна пісаў пра нацыянальную гісторыю. Дэтэктыў, фантастыка, містычны трылер - і гэта ў савецкі час, калі ў школьных падручніках падзеям, пра якія пісаў Караткевіч, аддавалася толькі некалькі радкоў. Яго кнігі перакладзеныя на дзясяткі моў, перавыдаюцца тысячнымі тыражамі і зараз. Алена Борматава - пра чалавека і класіка.

Першы, самы ранні план, як напісаў на рукапісе сам Караткевіч, рамана “Каласы пад сярпом тваім”. Дзясяткі звычайных аркушаў паперы фармата А4, спісаныя дробным почыркам пісьменніка. Тут жа дата пачатку працы над раманам. Караткевіч заўсёды пісаў ад рукі. У пісьме быў эстэтам. Дакумент сёння – у фондах архіва - музея літаратуры і мастацтва.

Фонд Караткевіча пачаў фарміравацца яшчэ пры жыцці пісьменніка. У 1976 Караткевіч асабіста прынёс свае рукапісы ў архіў - музей літаратуры і мастацтва. Фонду прысвоілі свой нумар – 56. З той пары ўсе дакументы, якія датычацца жыцця і творчасці Караткевіча, паступаюць менавіта ў гэты фонд. Сёння ён налічвае каля ста адзінак захоўвання. І мае пазнаку "асабліва каштоўнае".

Яшчэ адзін раман у рукапісе – “Нельга забыць”, назва асабіста закрэслена аўтарам. З друку ён выйшаў пад назвай “Леаніды не вернуцца да зямлі”. І неапублікаваны раман. Караткевіч лічыў яго незавершаным, таму твор так і не дайшоў да выдавецтваў. А яшчэ сямейная кніга сябра Караткевіча, распачатая пісьменнікам у 1967. Тут шаржы і сяброўскія жарты. Рэч, якую не чыталі нават даследчыкі.

Свой архіў Караткевіч сам разнёс у розныя ўстановы – не хацеў трымаць у адным месцы. Вершы, проза, сцэнарыі. Лібрэта паводле свайго жа твора “Сівая легенда” – спектакль і сёння ў рэпертуары Вялікага тэатра. Працаваў і над прэзентацыйнымі выданнямі.

Караткевіч мог пайсці па слядах бацькі і стаць фінансістам. Але слова перамагло сухую мову лічбаў і стала яго прафесіяй. Містычныя трылеры Караткевіча паказалі Беларусь шматмільённаму і шматнацыянальнаму Савецкаму Саюзу. Ён не проста апісваў гістарычныя падзеі, ён шмат часу праводзіў у архівах, займаўся даследаваннем нацыянальнай гісторыі.

Некаторыя з яго твораў доўгі час ляжалі на паліцах, як “Дзікае паляванне караля Стаха”. Раман Караткевіч напісаў яшчэ ў 1958. Надрукавалі толькі праз шэсць гадоў. І тут пачалося паляванне ўжо на самога Стаха. Аповесць літаральна размяталі з кніжных паліц. Выстойвалі велізарныя чэргі, даставалі па блаце. Так пра гісторыю Беларусі яшчэ ніхто не пісаў. Гістарычныя дэтэктывы Караткевіча перакладзены на дзясяткі моў. Перавыдаюцца тысячнымі тыражамі. А Караткевіч і сёння – у рэйтынгу папулярных аўтараў.