Сёння спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння легендарнага Уладзіміра Высоцкага

25 января 2018

У свой час ён быў забаронены цэнзурай, а сёння ў гонар музыканта названыя вуліцы, тэатры, караблі, каньёны, леднікі і астэроіды. Вершы Высоцкага перакладзены на 209 моў. Сюжэт Вольгі Мядзведзь.

Яго прадзед па бацькавай лініі быў у Брэсце шкловыдзімальшчыкам і… настаўнікам рускай мовы. Там жа, на Брэстчыне, нарадзіўся і дзед Вольф Шліёмавіч Высоцкі (які пазней змяніў імя і імя па бацьку на Уладзіміра Сямёнавіча). Так што зусім не легенда і не чарговая байка, што ў чалавека-эпохі Уладзіміра Высоцкага беларускія карані.

Яго блізкім сябрам быў народны артыст Віктар Тураў. Уладзімір Высоцкі здымаўся ў беларускага рэжысёра. Напрыклад, адна з першых значных роляў акцёра ў карціне "Я родам з дзяцінства", а таксама "Вайна пад стрэхамі", пісаў песні да фільмаў і проста прыязджаў у госці. Падчас стварэння стужкі "Сыны ідуць у бой" Высоцкі і яго жонка Марына Уладзі прыехалі на пляцоўку ў Навагрудак (зараз тут адзіны ў Беларусі помнік легендзе). Аднак пасялілася зорная пара ў адрынцы ля возера Літоўка.

Прыязджаў у Беларусь і з гастролямі Тэатра на Таганцы. "Майстар і Маргарыта", "Паслухайце", "Драўляныя коні", "Загінуўшыя і жывыя", вядома ж, "Гамлет" - усё з аншлагам. Але набыткам Высоцкага былі не толькі поўныя залы, але і двары. Вызначаўся імправізаванымі выступленнямі ў пагранічнікаў з мытнікамі, у кватэрах і гасцініцах, дзе спыняўся. Не заўсёды легальна, за што праследаваўся савецкім законам. Так што прысутнасцю на "канцэртах" Высоцкага пахваліцца могуць многія.

У Капыльскім раёне адкрыецца музей імя Высоцкага. Новай каардынатай у прыхільнікаў стане вёска Вялешына. Стварэннем у звычайным сельскім доме памятных залаў з рарытэтнымі здымкамі, дакументамі і асабістымі рэчамі легендарнага артыста займаецца яго траюрадная цётка з Беларусі, пра якую стала вядома нядаўна, піяр на прозвішчы яна не робіць. Афіцыйнае адкрыццё мемарыяльнага музея мастацтвазнаўца Надзея Высоцкая плануе ў дзень смерці знакамітага сваяка - 25 ліпеня 2018 года.