Сёння cпаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння легендарнага кінарэжысёра Віктара Турава

25 октября 2016

У Мінску пройдзе вечар памяці, будзе адкрыты мемарыяльны знак у гонар майстра. Тураў увайшоў у спіс 50-ці вядомых кінематаграфістаў свету за свае карціны, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Адна з самых вядомых - экранізацыя трылогіі Мележа "Палеская хроніка". Праз гісторыю стварэння стужкі гісторыю рэжысёра паспрабавала ўбачыць Наталля Бардзілоўская.

У нацыянальнай кінаэпапеі пра беларусаў Віктар Тураў аб’яднаў акцёраў з Мінска, Масквы, Віцебска і Піцера. І не ад таго, што тады іх нацыянальна не падзялялі. Як і цяпер галоўная ўмова - выхад на саюзны экран. І “Людзі на балоце” сталі кінастартам для маладых Дзмітрыя Харацьяна, Марыны Якаўлевай, Барыса Няўзорава, сапраўдным увасабленнем тыповага беларуса. На галоўную мужчынскую ролю ў мястэчка Дамжэрыцы, што на Віцебшчыне, прыехаў і Аляксандр Галібін з “Лефільма”. Але госцю з Нявы нешта не спадабалася ў бытавых умовах.

Таццяна Мархель, чый голас і ўвогуле тыпаж асацыюецца з народнай песняй, упершыню заспявала ў кінастужцы Турава. Дзве песні на музыку Алега Янчанкі пісалі восем гадзін. Дзякуючы поспеху ў “Людзях на балоце” драматычная актрыса выйшла на сцэну Вялікай залы Маскоўскай кансерваторыі, дзе пасажамі беларускай песні ўразіла самога Альфрэда Шнітке. Для Турава заўсёды быў важны голас. Так у Марыі Захарэвіч невялікая роля, але ў мележаўскай хроніцы агучыла шмат іншых персанажаў.

Беларускую самабытнасць у фільме Тураў паказаў вачыма Дзмітрыя Зайцава. Вось кінакамера аператара захоўваецца ў Дзяржаўным музеі кіно. Пра Зайцава і сёння гавораць: ”Ніводнага лішняга кадра”! Адзін з характарызуючых момантаў: першы здымачны дзень на жніве - і аператар настойвае на затрымцы працы: жыта ж яшчэ не саспела, павінна дачакацца належнага колеру!

Стужку, якая паказала характар беларусаў у выпрабавальныя часы, мінская публіка ўспрыняла холадна: гаварылі, там не самая правільная мова, палескі дыялект. Затое на Усесаюзным кінафестывалі ў Таліне “Людзі на балоце” ўзялі галоўны прыз і дыплом сярод мастацкіх фільмаў.

Выпускнік Усерасійскага інстытута кінематаграфіі, народны артыст СССР Віктар Тураў зняў больш за 20 кінастужак. Але менавіта экранізацыяй Мележа напачатку 80-х рэжысер запомніўся сучаснікам і нашчадкам.