Сёння спаўняецца 210 гадоў са дня нараджэння мастака і кампазітара Напалеона Орды

11 февраля 2017

Ён ажыццявіў грандыёзны мастацкі праект 19 стагоддзя, роўнага якому няма ў гісторыі. Змаляваў практычна ўсе сядзібы Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага - сучасныя беларускія землі. Арыгінальных малюнкаў, напісаных Ордай, у нашай краіне практычна няма. Маюцца літаграфіі, выкананыя на аснове твораў мастака. Часткова літаграфіі майстра захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Нацыянальным мастацкім музеі. Аб жыцці і творчасці вядомага беларуса - Дар'я Тарасава.

Мастак-вандроўнік. За год ён аб'язджаў сотні сядзіб. Самая вядомая частка найбагацейшай спадчыны Орды - гэта шматлікія малюнкі і гравюры. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў здзейсніў шэраг падарожжаў па беларускіх і навакольных землях, замалёўваў родныя вобразы, а таксама вобразы суседніх тэрыторый. Сёння яны паўстаюць не проста як графічныя шэдэўры, але і як фіксаванне гісторыі нашай краіны.

Спецслужбы імперыі дзесяцігоддзямі лічылі Орду шпіёнам. Ён фіксаваў стратэгічныя аб'екты і адсылаў іх выявы на Захад. Аднак сёння працы майстра, які ахвяраваў сваёй рэпутацыяй, дазваляюць гістарычна рэканструяваць архітэктурныя помнікі краіны. Дзякуючы вобразам Орды, аднаўляюцца нават цэлыя палацы і цэрквы.

Выхаванец П'ера Жэрара, ён вучыўся выяўленчаму мастацтву ў Парыжы. Орда удзельнічаў у грамадскім руху, сам стаў педагогам. Далёка не кожнаму вядома, што Напалеон Орда быў цудоўным кампазітарам, а яшчэ выканаўцам, віртуозным музыкантам, выдаў сваю граматыку музыкі, шматлікія нотныя творы і напісаў 14 паланэзаў.

Бясспрэчна, працы майстра гэта не толькі карцінкі з мінулага. Да кожнай гравюры Орда рыхтаваў тэкст, каментарыі, якія тлумачаць змест твора. Яшчэ пры жыцці майстра з яго непасрэдным удзелам былі падрыхтаваны літаграфічныя выданні малюнкаў. Выявы зроблены ў варшаўскай літаграфіі Фаянса акварэльнымі фарбамі і алоўкамі, выпушчаныя даволі вялікім тыражом .

Вобразы Напалеона Орды ўвайшлі ў шырокі культурны кантэкст нашай краіны. Так, напрыклад, яго музыка выконваецца ў філармоніі і ў найбуйнейшых тэатрах краіны. Што казаць - для многіх архітэктараў менавіта гравюры майстра кананічныя.