Гэта дата занесеная ў спіс памятных дат ЮНЕСКА. Сёння спаўняецца 205 гадоў са дня нараджэння жывапісца з сусветным іменем, знакамітага прадстаўніка рускай акадэмічнай школы і выхадца беларускай Лепельшчыны Івана Хруцкага. Адзін з самых вядомых, але ў той жа час, мабыць, неразгаданых мастакоў. І па гэтай дзень мастацтвазнаўцы спрабуюць запоўніць белыя плямы яго творчай біяграфіі.
Наталля Бардзілоўская - больш падрабязна.
Спецыяльна да юбілею Івана Хруцкага - навуковае адкрыццё. Партрэт архіепіскапа Віленскага і Літоўскага Іосіфа Сямашкі – работа, што знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея доўгі час выклікала спрэчкі наконт аўтарства. ”Гэта не Хруцкі, не яго почырк”, - заяўлялі знаўцы. А вось нашыя музейшчыкі сёлета на 90% даказалі: гэтая карціна належыць пэнздлю менавіта Івана Фаміча.
Гэта віленскі, малавядомы перыяд творчасці Хруцкага. Майстра, энцыклапедычна больш вядомага як аўтара нацюрморту. Зрэшты, яго мы бачым на тысячнай беларускай купюры кожны дзень. Але сакавітыя выявы кветак і фруктаў – гэта мастак самы ранні, перыяду навучання ў Пецярбургу. Выявы ж людзей на яго палатне пачалі з’яўляцца ў 40-50-ых 19 стагоддзя, калі Хруцкі пакідае горад на Няве.
У Вільні Хруцкі піша не толькі партрэты свяшчэннікаў, але і іконы для храмаў. На партрэце Сямашкі мастак на стагоддзі пакінуў выяву не проста духоўнай асобы, але свайго апекуна і сябра. Работа паступіла ў Мінск як дар ад літоўскага музея Луцкевіча. Стан палатна быў дрэнным, але менавіта пашкоджанні сталі доказам прыналежнасці твора да спадчыны Хруцкага.
Упершыню шырокай публіцы работа будзе прадэманстравана ў сакавіку. Рэстаўрацыйны працэс палатна ідзе да завяршэння.
Нацыянальны мастацкі музей Беларусі – уладальнік самай вялікай калекцыі Хруцкага. Сярод 24 работ – яшчэ адна загадка. “Партрэт жонкі з кветкамі і фруктамі” напісаны ў 1838 годзе, за 7 гадоў да жаніцьбы мастака. І яшчэ – шлюбны пярсцёнак па праваслаўнай традыцыі тых часоў насілі не на безыменным пальцы, як на карціне, а на ўказальным. Таму ўзнікае пытанне - хто ж тая муза?














