Сёння спаўняецца 133 гады з дня нараджэння Канстанціна Міцкевіча, які ў памяці людзей назаўжды застанецца Якубам Коласам. Адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры. Народны паэт Беларускай ССР. Акадэмік. Навуцы Колас прысвяціў 35 гадоў, 28 з якіх быў віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнай акадэміі навук. Займаўся перакладамі, публіцыстыкай. Літаратурным сімвалам краіны паэт стаў яшчэ пры жыцці. Яго кнігі перакладзеныя на сотні моў свету. Краявіды яго роднай Стаўбцоўшчыны па творах класіка з рэальнымі параўноўвалі беларусы некалькіх пакаленняў. Яго імя носіць навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук, тэатр у Віцебску, а таксама вуліцы і плошчы ў многіх гарадах краіны. Да дня нараджэння паэта музей класіка ўжо трыццаты раз правядзе навуковую канферэнцыю "Каласавіны", якая збярэ каласаведаў з некалькіх краін.













