Сёння дзень нараджэння Алеся Адамовіча, які расказаў свету пра лёс вёсак падчас вайны

3 сентября 2018

Пісьменнік, які расказаў свету пра лёс беларускіх вёсак падчас вайны. Сёння, у дзень нараджэння Алеся Адамовіча, мы ўспамінаем яго раман "Партызаны". Ён стаў асновай самага праўдзівага і ўражальнага фільма пра акупіраваную фашыстамі Беларусь - "Ідзі і глядзі". Больш падрабязна Наталля Бардзілоўская.

Адзін з найбольш унікальных матэрыялаў, які захоўваецца ў архівах Белтэлерадыёкампаніі: на старым і сучасным носьбітах (на відэакасеце і ў лічбе) - фільм пра фільм, дакументальная стужка пра тое, як здымаўся шэдэўр Адамовіча - Клімава "Ідзі і глядзі". Работа 1985 года. Як бы мы сёння сказалі: дзесяціхвілінны трэйлер ці рэкламны ролік напярэдадні кінапрэм'еры. Яго аўтар - тады малады рэжысёр, сёння народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў. Быў дапушчаны на здымачную пляцоўку і паказаў тых, хто звычайна застаецца па-за кадрам - стваральнікаў стужкі.

Дакументальныя хронікі пра мастацкі фільм пісаліся ў Белавежскай пушчы. Лістапад. Рэжысёр Клімаў сам пасяліўся і ўсю творчую групу наўмысна засяліў у гасцініцу, якая не ацяпляецца, з выбітымі вокнамі. Удзельнікі здымак спалі ў вопратцы, шыбы закрывалі матрацамі. Толькі такія ўмовы змогуць наладзіць неабходную для стужкі атмасферу, лічыла аўтарскае трыа: пастаноўшчык Клімаў, пісьменнік Адамовіч і аператар Радзівонаў.

Нячасты выпадак, але рэжысёр, сцэнарыст і аператар тут працавалі ў зладжанай звязцы. Кадры Яфрэмава захавалі моманты, калі сутворцы перад кожнай новай сцэнай адыходзілі ў бок, рабілі паўзу і абмяркоўвалі, карэкціравалі кожны кадр, кожны крок. Вядома, іх вечары ў гасцініцы камера не фіксавала, але аўтары і там працягвалі працу над матэрыялам, амаль круглыя суткі. У энцыклапедыях Клімаў пазначаны як суаўтар сцэнарыя, але сапраўды менавіта пісьменніцкая ідэя была для яго свяшчэннай. Да таго ж Алесь Адамовіч добра ведаў кінапрацэс, у 60-ых скончыў вышэйшыя сцэнарныя курсы ў Маскве. Больш за тое - беларус, партызан, хто акрамя яго мог унесці у фільм той жорсткі нерв, які па-сённяшні дзень уражвае нават далёкія ад вайны пакаленні.

Адамовіч раздзяліў поспех стужкі. Пасля прэм'еры "Ідзі і глядзі" ў 1987-ым ён на сем гадоў узначаліў Усесаюзны навукова-даследчы інстытут кінематаграфіі. На кінасцэнарным рахунку пісьменніка былі яшчэ чатыры фільмы.