Сёння дзень памяці Аляксандра Ціхановіча

28 января 2018

Год без легенды. Сёння дзень памяці народнага артыста Беларусі Аляксандра Ціхановіча. Выканавец хітоў "Малиновка", "Завіруха", "Карнавал" пайшоў на 65-м годзе жыцця пасля працяглай хваробы.

Музыкант пачынаў сваю кар'еру ў складзе духавога аркестра Сувораўскага вучылішча. Зорная гадзіна напаткала таленавітага трубача ў складзе ВІА "Верасы". Там музыкант адкрыў у сабе вакаліста, запісаў мноства шлягераў, а таксама здабыў шчасце з калегай па калектыве Ядзвігай Паплаўскай. Разам з жонкай адным з першых у краіне арганізаваў прадзюсарскі цэнтр. Таксама разам з Белтэлерадыёкампаніяй рыхтаваў першых прадстаўнікоў нашай краіны на "Еўрабачанні". Аляксандр Ціхановіч пахаваны на Усходніх могілках сталіцы.

Аляксандр Ціхановіч займаўся дабрачыннасцю. Матэрыяльна дапамагаў тым, хто меў у гэтым патрэбу, рэгулярна выступаў у бальніцах, інтэрнатах. Імем народнага артыста названы дабрачынны фонд. І сёння ў дзень памяці музыканта валанцёры правядуць акцыю ў адным з гандлёвых цэнтраў сталіцы. Любы ахвотнік зможа дапамагчы выхаванцам псіханеўралагічных дамоў-інтэрнатаў Беларусі.